Лукашэнка: Беларусь павінна максімальна выкарыстоўваць магчымасці па развіцці лічбавай эканомікі

Улада

Беларусь павінна максімальна выкарыстоўваць магчымасці па развіцці лічбавай эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па праекце дэкрэта «Аб развіцці лічбавай эканомікі».

«Мы павінны прыняць новую, як яе называюць, лічбавую рэальнасць і максімальна выкарыстоўваць усе магчымасці, якія яна адкрывае перад Беларуссю. Менавіта таму з’явіўся праект дэкрэта «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Усёабдымная назва, і яна гаворыць сама за сябе. Наша краіна цвёрда вызначылася: лічбавая трансфармацыя эканомікі з’яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў развіцця дзяржавы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

На нараду былі запрошаны як адказныя дзяржаўныя асобы, так і вядомыя прадстаўнікі ІТ-супольнасці.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прадмет размовы вельмі актуальны і вельмі маштабны, аднак яшчэ некалькі гадоў таму ніхто не мог і ўявіць, што адпаведныя пытанні настолькі прадметна будуць абмяркоўвацца на ўзроўні Прэзідэнта. «Так хутка і бурна развіваецца жыццё, і ад гэтага нікуды не дзецца. І калі мы ў гэтым бурным жыцці адстанем, значыць, мы зноў жа будзем цярпець ад таго, што ў нас нечага не хапае, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Размова ідзе не проста аб развіцці ІТ-сферы і не толькі аб высокіх тэхналогіях. Тэма сустрэчы значна шырэйшая. Яшчэ вясной было прынята рашэнне аб стварэнні ІТ-краіны. Назва гэта ўмоўная, але ўсім сутнасць зразумела».

Інфармацыйныя тэхналогіі пранікаюць ва ўсе сферы, а таму парадак дня ўключае не толькі праблемы ІТ-галіны, канстатаваў Прэзідэнт. Краіны жорстка канкурыруюць — за рынкі, капітал. Прычым усё часцей канкурэнцыя ідзе не толькі за фінансавы, але і за чалавечы капітал, ідзе барацьба за разумных, адукаваных і энергічных людзей, за новыя ідэі і інтэлектуальную ўласнасць.

«Айчыннай ІТ-сферы неабходна надаць новы імпульс развіцця, каб здольныя людзі маглі тут у поўнай меры рэалізаваць свае магчымасці. Беларусь павінна аказацца рэальным цэнтрам прыцяжэння — для таленавітых людзей, паспяховых кампаній і міжнародных карпарацый. Наша краіна мае ўсе шанцы стаць як мінімум рэгіянальным лідарам у развіцці самых перадавых напрамкаў — штучнага інтэлекту, вялікіх даных, тэхналогіі блокчэйн», — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні ў якім разе не мае намеру тармазіць адпаведныя працэсы і ніколі не быў рэтраградам. Аднак ён адзначыў, што шмат у чым рэалізацыя намечанага будзе залежаць ад саміх прадстаўнікоў ІТ-сферы.

Прэзідэнт заклікаў нараўне з імкненнем атрымаць прыбытак на новай хвалі не забываць пра інтарэсы дзяржавы, якая ў тым ліку стварае ўмовы, гарантуе стабільнасць і бяспеку. «Усе разумныя і талковыя людзі разумеюць цяпер, што такое стабільнасць і парадак. І да гэтага берага кожны спрабуе прычаліць. Мы гатовы такі прычал арганізаваць, і нават больш — гавань. Вы павінны стаць добрымі гаспадарамі ў гэтай гавані. Даць магчымасць зарабіць. Але дзяржава мае патрэбу ў сіле. Таму яе трэба падтрымліваць. Я хілю да таго, што, зарабляючы сабе, не забывайце, калі ласка, што вы жывяце ў канкрэтнай дзяржаве», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мяне вы не зможаце ніколі папракнуць у тым, што вашы грошы, якія паступілі ў казну ў выглядзе падаткаў, будуць раскрадзены. Ніколі! Хочаце прапанаваць новыя напрамкі выкарыстання бюджэтных грошай — калі ласка. Усе разумныя вашы ініцыятывы і прапановы будуць неадкладна рэалізаваны», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Ну, а калі вы створыце тут такую цудоўную гавань, куды ўсе прыедуць і будуць самі на сябе працаваць і зарабляць, не думаючы пра іншых, і нават пра тых, хто ў вас у кампаніях будзе працаваць… Шчыра кажучы, не патрэбна мне такая гавань. Таму зразумейце мяне правільна. Я чалавек дзяржаўны, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не супярэчыць вашым задумам, памкненням, ідэям, але давайце разам будзем адказваць за гэты кавалак зямлі. Я буду гарантаваць вам стабільнасць, неўмяшанне. Але парадак ніхто не адмяняў».

Прэзідэнт адзначыў, што ў свеце няма выразных адказаў на многія выклікі, народжаныя бурным развіццём тэхналогій, а таму і гэты праект дэкрэта пасля яго прыняцця ў далейшым давядзецца дапрацоўваць. «Гэта будзе фундамент, але яго трэба будзе развіваць», — сказаў ён.

Усіх удзельнікаў нарады кіраўнік дзяржавы заклікаў да адкрытай і шчырай размовы. «Давайце разам падумаем, абмяркуем, арганізуем мазгавы штурм і паспрабуем зразумець, як зрабіць так, каб наша мэта — стварыць ІТ-краіну — была дасягнута. Гэта будзе наша з вамі сумеснае дасягненне, якім мы зможам ганарыцца», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі на нарадзе адзначыў, што ў сучасным свеце краіны ўсё часцей канкурыруюць не тэрыторыямі, вытворчасцямі або сыравінай, і нават не тэхналогіямі, а якасцю прававых сістэм. «І людзі, і тэхналогіі, і капіталы накіроўваюцца туды, дзе ім больш камфортна з прававога пункту гледжання», — сказаў ён.

У праекце дэкрэта сабраны ідэі як беларускай ІТ-супольнасці, так і сусветны вопыт. У дакуменце закладзены прававыя рашэнні, якія з’яўляюцца прарыўнымі не толькі для Беларусі і яе краін-суседзяў, але і самых развітых краін свету. Ён уключае ў сябе падтрымку прадуктовай мадэлі, пашырэнне відаў дзейнасці рэзідэнтаў ПВТ, ІТ-адукацыя, развіццё сферы блокчэйн-тэхналогій.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *