Калектывам — да Дзеда Мароза

Падзеі

Самае казачнае падарожжа работнікаў лікёра-гарэлачнага завода «Алгонь» адбылося напрыканцы 2017 года. Ідэя яго арганізаваць прыйшла нечакана. Звычайна цяжка знайсці шмат ахвотнікаў на незапланаваную вандроўку, але на гэты раз было інакш. На прапанову паехаць у Белавежскую пушчу адгукнуліся амаль 70 чалавек, якія і накіраваліся ў вандроўку.

Ад стаянкі ў Белавежскай пушчы да Рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза неабходна праехаць каля васьмі кіламетраў. Мы былі ўражаны прыгажосцю запаведнага ляснога масіву, вядомага ва ўсёй Еўропе. Апынуліся ў чароўным месцы, якое прываблівае не толькі дзяцей, але і дарослых, прымушаючы паверыць у казкі і цуды. Атмасфера, якая пануе ў пушчы, быццам прасякнута магіяй.

Першым нас сустрэў Пушчанскі Чараўнік. Было адчуванне, што мы трапілі ў паралельны сусвет і дазволілі сабе цалкам пагрузіцца ў цудоўную казку, забыўшыся на штодзённыя клопаты. Нам прапанавалі загадкі, адгадаўшы якія, мы траплялі да іншага казачнага персанажа. Самыя адважныя з нашых турыстаў, як у дзяцінстве, расказвалі вершы. Так, з загадкамі і вершамі, казачныя істоты суправаджалі нас да паляны, дзе гарэла высокае вогнішча і грэліся браты-месяцы. Вы ведаеце, што яны здзяйсняюць жаданні? Кожны з нас, дакрануўшыся да свайго месяца (у якім нарадзіўся), паспадзяваўся, што загаданае абавязкова ажыццявіцца. За палянкаю – сажалка, у якой жыве царэўна-жаба. Хто ж адмовіцца сфатаграфавацца з сапраўднай царэўнай? Жадаючых было шмат.

Нарэшце мы апынуліся ля галоўных навагодніх чараўнікоў, улюбёнцаў дзяцей і дарослых – Дзеда Мароза і Снягуркі. У самых маленькіх нашых падарожнікаў гарэлі вочкі, дзеці стараліся дакрануцца і праверыць, ці сапраўдны Дзядуля Мароз.

Рэзідэнцыя поўная сюрпрызаў: апроч казачных палянак з дзівосамі, убачылі мы тут чароўны млын і калодзеж. Усе таямніцы не буду раскрываць, каб не сапсаваць сюрпрыз для тых, хто збіраецца паехаць у Белавежскую пушчу.

У час вандроўкі мы каштавалі стравы нацыянальнай кухні, набывалі сувеніры, а напрыканцы кожны (нават дарослыя) атрымаў падарунак ад Дзеда Мароза.

Таіса САВІЧ,
старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *