Імя на помніку

Падзеі

З успамінаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Іванавіча Белага стала вядома пра актыўнага ўдзельніка Яварскай падпольнай групы, афіцэра Чырвонай арміі Юрыя Аленіна. Ён, выходзячы з акружэння, у верасні 1941 года прымкнуў да Яварскага моладзевага падполля і застаўся ваяваць з нямецка-фашысцкімі ворагамі на тэрыторыі, дзе дзейнічала Ленінская партызанская брыгада. Загінуў Юрый Аленін у красавіку 1944 года і пахаваны на могілках вёскі Явар. На яго магіле стаіць драўляны помнік з пяціканцовай зоркай і надпісам “Оленин Юрий Иванович. Офицер Красной армии, погиб в апреле 1944 года”.

Кароткі надпіс, скупыя звесткі пра чалавека. А ці можна даведацца больш? Гэта пытанне цікавіла мяне доўга. У выніку пошукавай работы ўдалося дазнацца, што Юрый Аленін часта наведваў вёскі Буйкі і Мельнікі ўжо будучы партызанам Ленінскай брыгады. У 1990-х гадах вучні мясцовай школы шэфствавалі над сям’ёй ветэрана вайны Андрэя Іванавіча Ківейшы, які жыў у Буйках. Яго жонка Любоў Юльянаўна Ківейша расказвала вучням аб дзейнасці партызан і назвала сярод іх Юрыя Аленіна, магіла якога знаходзіцца на Яварскіх могілках.

Гэтыя звесткі пацвердзіў і былы ўдзельнік Яварскай падпольнай групы Барыс Іванавіч Белы, які прыехаў на сустрэчу з вучнямі школы ў пачатку 2004 года. Пасля гэтага на безыменным помніку з’явіўся надпіс з прозвішчам Юрыя Аленіна.

Пошук звестак працягваўся. Дачка Ківейшаў – Лідзія Андрэеўна Ляўкевіч (дзявочае прозвішча Ківейша, яна доўгі час працавала настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Дзятлаўскай гімназіі, цяпер – на заслужаным адпачынку) прыгадала расказ маці, што Юрыя Аленіна вяскоўцы называлі Юркам. Ён быў вельмі прыгожы хлопец. У красавіку 1944 года каля вёскі Буйкі адбыўся бой партызан з немцамі, у гэтым баі і загінуў Юрый Аленін. Партызаны адступілі, а потым вярнуліся і пахавалі Аленіна недалёка ад вёскі, каля дарогі, якая вяла праз невялікі лясок у вёску Явар. Праз колькі часу мясцовыя жыхары перанеслі цела партызана на яварскія могілкі. Пакуль існавала Яварская школа, магілу даглядалі вучні школы сумесна з педагогам-арганізатарам Тамарай Антонаўнай Крупіца.

Ведучы пошук, звярнуўся я і ў Дзятлаўскі раённы камісарыят. Дзякуючы Валянціну Аляксеевічу Абухаву, які з вялікай адказнасцю паставіўся да маёй просьбы пра дапамогу, удалося больш даведацца пра Юрыя Аленіна.

Запыт з ваенкамата ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь даў станоўчы вынік. Цытую архіўную даведку: “В документах архивного фонда “Белорусский штаб партизанского движения” имеются сведения о том, что Оленин Юрий Иванович, 1919 (так в документе) года рождения, русский, кандидат в члены ВКП(б) с 1943 года, образование среднее, с 16 марта 1942 года по 7 апреля 1944 года числился партизаном группы, затем отряда “Борьба” Ленинской партизанской бригады, затем отряда “Звезда” бригады им. Калиновского бывшей Белостокской области в должностях: помощника командира роты, рядового. 7 апреля 1944 года Оленин Ю.И. погиб в бою с немцами в Барановичской обл., Дятловск. р-не дер. Буйки. Место его захоронения указано: Барановичская область, Козловский р-н, дер. Буйки (так в документе). Адрес его семьи: г. Ульяновск Заволжье, ул. Красноармейская, д.4 кв.21…”. У даведцы названы і склад яго сям’і.

Такім чынам, сумесны пошук з Дзятлаўскім ваенным камісарыятам і маімі былымі калегамі па працы даў магчымасць устанавіць імя загінулага ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі нашага раёна. У горад Ульянаўск адпраўлена паштоўка з паведамленнем аб месцы пахавання Юрыя Аленіна і просьбаю паведаміць дадатковыя звесткі пра яго.

М. ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *