Юрыдычная прафесія шматгранная і налічвае вялікую колькасць спецыялізацый — адвакат, пракурор, суддзя, следчы, спецыяліст па кадрах, юрысконсульт, медыятар. Аднак усе гэтыя сферы дзейнасці аб’яднаны адзінай мэтай — служыць закону, праўдзе, справядлівасці. Прафесія юрыста прываблівае сур’ёзных, адказных, моцных духам людзей. У свой час зацікавіла яна і Аляксандра Шырокіх, які цяпер з’яўляецца загадчыкам юрыдычнага сектара Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. Напярэдадні свята — Дня юрыста — карэспандэнтка газеты «Перамога» цікавілася ў яго аб прафесійных буднях.
— Аляксандр Сяргеевіч, чаму выбралі прафесію юрыста?
— У дзяцінстве большасць хлопчыкаў мараць стаць касманаўтамі, ваеннымі, ратаўнікамі. Былі такія думкі і ў мяне: меркаваў паступіць на праваахоўніка або ваеннага. Пасля заканчэння школы на выбар далейшай спецыяльнасці значны ўплыў аказалі бацькі. Пераканалі мяне, што выпускнікі юрыдычнага факультэта ў далейшым маюць магчымасць працаваць як на грамадзянскіх пасадах, так і ў органах пракуратуры, міліцыі, спецыялізаваных войсках. У 2000 годзе я паступіў у ГрДУ імя Я. Купалы ВНУ на спецыяльнасць «правазнаўства».
Пры першай сустрэчы з аднакурснікамі даведаўся, што большасць з іх — прадаўжальнікі сямейных дынастый юрыстаў, дасведчаныя ў многіх пытаннях, а мне давялося пачынаць, як кажуць, з нуля.
— Было складана?
— Дзякуючы былым настаўнікам, а я выпускнік Наваельнянскай сярэдняй школы, асаблівых цяжкасцяў не адчуваў. У школе нас навучылі думаць, самастойна адшукваць патрэбную інфармацыю, аналізаваць яе, запамінаць самае галоўнае. Выкладчыкі ВНУ даюць студэнтам базісныя веды, а паглыбляць і пашыраць іх — задача саміх навучэнцаў. Хто з ёю спраўляецца, той у далейшым зможа стаць добрым спецыялістам.
— Дзе пачыналі сваю прафесійную дзейнасць?
— Юрысконсультам у СВК «Жукоўшчына». А ў снежні 2007 года прыняў прапанову перайсці ў Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт. Працаваў тут на розных пасадах. Са жніўня 2014 года ўзначальваю юрыдычны сектар.
— У чым спецыфіка вашай работы?
— Поле дзейнасць юрыдычнага сектара шырокае. Заглыбляцца даводзіцца ва ўсе сферы кампетэнцыі раённага выканаўчага камітэта, сярод якіх будаўніцтва, землеўпарадкаванне, кадравыя, фінансавыя і бухгалтарскія пытанні, многае іншае. Усе распараджэнні і рашэнні службаў райвыканкама праходзяць праз юрыдычны сектар. Мы адказваем за законнасць гэтых дакументаў. Адказнасць і нагрузка вялікія. Даводзіцца ўнікаць у розныя галіны права, каб праверыць законнасць прымаемых рашэнняў. Плмніць усё немагчыма, таму наша задача ведаць, дзе знайсці неабходную інфармацыю, умець ёю скарыстацца. Для юрыдычнага сектара забяспечаны доступ да нарматыўных базаў, што спрыяе выніковай рабоце.
— Як лічыце, юрыдычная прафесія і надалей будзе запатрабавана, ці ў сувязі з перанасычанасцю рынка спецыялістамі стане непапулярнай?
— Часта даводзіцца чуць, што рынак перанасычаны юрыстамі, эканамістамі, бухгалтарамі. Але ж на практыцы знайсці добрага спецыяліста даволі складана. Можна атрымаць дыплом і ніколі ім не скарыстацца. А можна працаваць, расці прафесійна, самаўдасканальвацца.
Мяркую, што ў бліжэйшы час значнасць прафесіі юрыста ўзрасце, паколькі няўхільна ўзрастае роля і значэнне юрыспрудэнцыі ў грамадстве. Менавіта на юрыстаў ва ўсім свеце ўскладзена абарона жыцця, гонару, годнасці грамадзян, ад іх у значнай ступені залежыць эфектыўнасць работы дзяржаўных органаў.
— Работа ў вас насычаная, складаная. Як ад яе адпачываеце?
— Сярод родных і блізкіх, а дакладней — дома з сям’ёй. Нам з жонкай Наталляй шмат радасці і пазітыўных эмоцый дастаўляюць шасцігадовы сын Ягор і трохгадовая дачка Ульяна. З дзецьмі стараемся выязджаць да бабуляў і дзядуляў, бываць у кіно, на тэатральных пастаноўках. Калі сын з дачкой падрастуць, збіраемся больш падарожнічаць.
— Чаго пажадаеце калегам да прафесійнага свята?
— Нстойлівасці, умення адстойваць сваю пазіцыю, аргументавана яе даказваць, цярпення, якое заўжды патрабуецца ў рабоце з людзьмі, і надзейнага тылу, сямейнага цяпла і дабрабыту.
І. КАЎКЕЛЬ
Хороший Александр Сергеевич специалист. Спасибо ему. всегда по любому вопросу помогает
Рейтинг комментария:00