Беларускім вадзіцелям давядзецца памяняць шыны на зімовыя да 1 снежня – гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта №483, які ўступіў у сілу ў 2015 годзе.
Указ робіць “нашэнне” зімовых шын абавязковым. На зімовай гуме трэба ездзіць з 1 снежня па 1 сакавіка. Мера датычыцца не толькі асабістага, але і службовага транспарту ўсіх відаў, у тым ліку – аўтобусаў. Штраф за “абутак” не па сезоне складае 0,5 базавай велічыні. Акрамя таго, важна, каб глыбіня рэшткавага малюнка пратэктара была большая за 4 міліметры, інакш зноў — штраф.
Ставіць на колы зімовую гуму перад халадамі гэтак жа неабходна, як і мяняць лёгкія летнія туфлі на цёплыя чаравікі. Зімовыя шыны значна лепш спраўляюцца са снежнай кашай, галалёдам. Пры тэмпературы паветра ніжэй за 5 градусаў летняя гума губляе свае ўласцівасці, становіцца жорсткай, што ўплывае на тармазны шлях і паводзіны аўтамабіля на дарозе.
На жаль, не ўсе аўтамабілісты гэта разумеюць. Спытаеце ў супрацоўнікаў ДАІ – і вам раскажуць аб мностве зімовых дарожна-транспартных здарэнняў, якіх магло не быць, калі б вадзіцель загадзя “пераабуўся”.
І. КАМАРОВА