Вынікі месячніка «Чалавек з белым кіёчкам»

Падзеі

У Беларусі завяршыўся рэспубліканскі месячнік «Чалавек з белым кіёчкам». Ён быў скіраваны на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемаў інвалідаў па зроку, абарону правоў і інтарэсаў, павышэнне якасці жыцця невідушчых і слабавідушчых людзей. У рамках месячніка Дзятлаўская раённая арганізацыя ГА «БелТІЗ» правяла шэраг мерапрыемстваў, у час якіх жыхары раёна больш даведаліся пра жыццё людзей з парушэннямі зроку.

«Сучасныя гаджэты ў жыцці невідушчых людзей»

Пад такой назвай у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава прайшла сустрэча ўдзельнікаў раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» з навучэнцамі сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.

Віталь Крэйдзіч расказаў дзецям, наколькі важную ролю ў яго жыцці займае смартфон, як пры дапамозе навігатара можна хадзіць у незнаёмых месцах без суправаджэння, як распазнаваць грошы, якія яшчэ функцыі, жыццёва неабходныя для людзей з парушэннямі зроку, ёсць у смартфона.

Пытанняў ад навучэнцаў і педагогаў было шмат. Адна з настаўніц узгадала, што аднойчы ў гандлёвым цэнтры звярнула ўвагу на жанчыну, якая «размаўляла» з тэлефонам, але не магла зразумець, што гэта значыць.
Пакуль Віталь расказваў аб магчымасцях смартфона, некаторыя вучні паспрабавалі запусціць праграму «сінтэзатар мовы» на сваіх тэлефонах.

Таксама Віталь сустрэўся з навучэнцамі пачатковых класаў Гезгалаўскай сярэдняй школы. Ён паказаў і расказаў, як з дапамогай шрыфта Брайля невідушчыя людзі пішуць і чытаюць. Нягледзячы на тое, што сам Віталь выпускнік Гезгалаўскай школы, дзецям і настаўнікам было цікава даведацца, як невідушчыя людзі пішуць лічбы і літары, чым яны адрозніваюцца.

Прадаўцы і невідушчыя пакупнікі

У рамках месячніка «Чалавек з белым кіёчкам» для работнікаў магазіна «Родны кут» горада Дзятлава было праведзена навучанне па абслугоўванні інвалідаў па зроку.

Старшыня раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» Святлана Крэйдзіч на прыкладзе ўдзельніка арганізацыі Віталя Крэйдзіча расказала і паказала, як трэба абслугоўваць невідушчых людзей, якія прыходзяць па пакупкі. Яна адзначыла, што галоўны атрыбут, па якім прадавец можа пазнаць такога чалавека і прыйсці на дапамогу, — гэта белы кіёк. Але часам невідушчы па розных прычынах можа быць і без кійка. У такім выпадку ён сам павінен звярнуцца па дапамогу, а не высвятляць адносіны з работнікамі гандлю.

Старшыня раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» дзякуе за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства дырэктару Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства М. Лянцэвічу і загадчыцы магазіна «Родны кут» Т. Трайнель.

«Штурман» дапамагае жыць самастойна

Яшчэ адна сустрэча прадстаўнікоў раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» адбылася з навучэнцамі гімназіі №1 горада Дзятлава.

Віталь Крэйдзіч расказаў гімназістам, што ў наш час смартфон ператварыўся ў неабходны атрыбут жыцця невідушчага чалавека. Дзякуючы функцыі TalkBack (праграмы чытання з экрана, якая агучвае ўсе дзеянні з прыстасаваннем) можна даведацца, колькі часу, скарыстацца навігатарам, распазнаць грошы.

Яшчэ больш значным дасягненнем прагрэсу стаў мабільны дадатак «Штурман». Яго напісалі мінскія праграмісты, якія зацікавіліся жыццём невідушчых людзей, даведаліся пра іх праблемы. «Штурман» — гэта дапаможны сродак, напрыклад, як сабака-павадыр або белы кіёк, які ў пэўных сітуацыях можа замяніць невідушчаму чалавеку суправаджальніка. Дадатак праз мабільны інтэрнэт злучае сляпога чалавека з памочнікам-валанцёрам (штурманам) і перадае з камеры смартфона інфармацыю аб асяроддзі невідушчага.

Такім чынам штурман чытае шыльды, назвы прадуктаў, лекаў, апісвае тое, што адбываецца вакол сляпога, дапамагае яму зарыентавацца, адным словам — на некаторы час становіцца яго вачамі. Званкі па дадатку праз інтэрнэт бясплатныя, што вельмі важна. Штурманамі для невідушчых людзей становяцца валанцёры-добраахвотнікі, дастаткова зарэгістравацца. Калі валанцёр заняты, дадатак можна часова адключаць. Праграма сама адрасуе інтэрнэт-званкі свабодным «штурманам» у любую кропку краіны.

І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *