Устанавіце дэтэктар чаднага газу

Да ведама грамадзян

На працягу многіх гадоў у Рэспубліцы Беларусь рэгіструюцца выпадкі атручэння чадным газам пры эксплуатацыі бытавога газавага абсталявання і выкарыстанні пячнога ацяплення. Асноўнай прычынай атручэнняў з’яўляецца засмечванне дымавых і вентыляцыйных каналаў, і як вынік — адсутнасць цягі. Чадны газ, або вокіс вугляроду (СО), утвараецца пры няпоўным згаранні газу з-за недахопу кіслароду, неабходнага для хімічнага працэсу гарэння. Ён здольны пранікаць праз перагародкі, сцены, слаі глебы. Не паглынаецца порыстымі матэрыяламі, таму фільтруючыя процівагазы не абароняць ад атручэння чадным газам. Чадны газ — яд хуткага агульнатаксічнага дзеяння.

Якія сімптомы атручэння чадным газам?

Паколькі чадны газ не мае паху, смаку і колеру, ён не заўважны для чалавека, пры гэтым ад яго можна памерці за некалькі хвілін, калі канцэнтрацыя чаднага газу ў паветры больш за 1,28%. Таму ахвяры атручэння да апошняга моманту не падазраюць, што падпадаюць пад уздзеянне чаднага газу. Пачатковыя сімптомы ад слабой да сярэдняй ступені атручэння падобныя на сімптомы грыпу (але без тэмпературы): галаўны боль, стомленасць, млоснасць, галавакружэнне. Цяжкая ступень атручэння СО характарызуецца такімі сімптомамі, як зблытанасць прытомнасці, страта каардынацыі, ваніты, страта прытомнасці, смерць.

Як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад чаднага газу? Перш за ўсё, неабходна ўтрымліваць у спраўным стане дымавыя і вентыляцыйныя каналы, што пацвярджаецца актам праверкі тэхнічнага стану, які выдае спецыялізаваная арганізацыя.

Адным з рашэнняў дадзенага пытання з’яўляецца ўстаноўка сучаснага бесправаднога дэтэктара чаднага газу. Ён вельмі просты ва ўстаноўцы і абслугоўванні. Дзякуючы выкарыстанню такога датчыка, гарантавана комплексная і сапраўды надзейная абарона ад дзеяння чаднага газу. Хаця тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь не прадугледжана ўстаноўка датчыкаў кантролю за ўтрыманнем колькасці чаднага газу ў паветры, аднак пра сваю бяспеку кожны павінен паклапаціцца сам. На рынку прадстаўлена вялікая колькасць датчыкаў і сігналізатараў чаднага газу ў шырокім цэнавым дыяпазоне.

Цяпер у Беларусі наладжаны выпуск датчыкаў чаднага газу, якія можна набыць у гандлёвай сетцы, акрамя таго, ёсць шэраг замежных аналагаў.

Так, напрыклад:
* апавяшчальнік газавы ІП 401-12Т, выпускаюць у горадзе Мінску, працуе ад звычайнай батарэйкі. Пры перавышэнні дапушчальных нормаў чаднага газу прыбор падае гукавы і светлавы сігналы. Мантаж ажыццяўляецца згодна з рэкамендацыямі завода-вытворцы. Прыблізны кошт прыбора складае 23 рублі. Яго можна набыць у Добраахвотным пажарным таварыстве ў Дзятлаве (вул. Лермантава, д. 32);
* газавы сігналізатар ЗОРД УСГ-1, выпускаюць у Мінску, працуе ад батарэек. Пры перавышэнні дапушчальных нормаў чаднага газу прыбор падае гукавы і светлавы сігналы. Просты ў мантажы. Прыблізны кошт прыбора — 26 рублёў.

Датчыкі чаднага газу ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з інструкцыяй завода-вытворцы. Датчыкі чаднага газу заўсёды былі і застаюцца прыборамі, якія спрацоўваюць перш, чым будзе нанесена шкода здароўю або жыццю.

Ніколі не ігнаруйце сігнал трывогі датчыка чаднага газу. Датчык папярэджвае аб патэнцыяльнай смяротнай небяспецы.

Адміністрацыя Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *