У Лідзе распачаўся адборачны абласны тур XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур

Падзеі

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, сталіцай якога стала Гродна, рыхтуецца да чарговай сустрэчы сяброў. І хаця свята адбудзецца яшчэ толькі летам наступнага года, падрыхтоўка да яго поўнай хадою ідзе ўжо зараз. Па ўсёй краіне адбываюцца адборачныя абласныя туры. Свой выбар тых, хто найлепш варты прадставіць нацыянальныя культуру і традыцыі, Гродзеншчына робіць ў Лідзе.
У адборачным туры ўдзельнічаюць прадстаўнікі пятнаццаці нацыянальнасцей, дваццаць чатыры мастацкія калектывы, індывідуальныя выканаўцы і майстры рамёстваў.
Падзею варта назваць не інакш, як святам. Атмасфера яго пануе ў холе Палаца культуры г. Ліды, дзе праходзіць выстава рамёстваў, нацыянальнага касцюма і кулінарных страваў. А ў вялікай зале распачынаецца ўрачыстая частка адборачнага тура. На сцэну з музычнымі, песеннымі і танцавальнымі нумарамі, тэатральнымі пастаноўкамі выйдуць мастацкія калектывы і індывідуальныя выканаўцы. Іх выступленні ацэніць кампетэнтнае журы, якое ўзначальвае мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хора імя Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі.
Свята распачалося на паркеце Палаца культуры, дзе разгарнулася выстава рамёстваў і нацыянальнай кухні. Яна ж была і першым конкурсным выпрабаваннем. Дыяспары з розных гарадоў, пасёлкаў, аграгарадкоў Гродзеншчыны прадставілі свае скарбы: вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў розных тэхніках, нацыянальныя касцюмы ва ўсім харастве і дэлікатэсы нацыянальнай кухні, — аздобіўшы ўсё гэта традыцыямі гасціннасці сваіх народаў.

Майстар Юлдаш Хасанаў з іўеўскага клуба майстроў “Скарбніца” вядомы не толькі ў сваім горадзе, але і далёка за яго межамі. Разьбяр па дрэве ўдзельнічае ў многіх рэспубліканскіх фэстах і ўжо трэці раз у фестывалі нацыянальных культур. Паўсюль знаходзіць прыхільнікаў і нават вучняў. Па нацыянальнасці ён узбек, нарадзіўся ў Таджыкістане, жыве ў Беларусі… Як вынік — у творчасці майстра спляліся рысы трох культур. Увогуле ж Юлдаш Рамазанавіч майстар на ўсе рукі: і з металам працуе, і ляпёшкі з тандыра пячы (апошнімі ён шчыра частаваў гасцей).

Нельга было прайсці міма сталоў палякаў, дзе панавала багацце прысмакаў і адкуль даносіліся пахі бігаса і хатняй паляндвіцы, дранікаў з мясам і соуса з айвы, а таксама – украінцаў, дзе, як нідзе, погляд прыцягвалі пястратыя кветкі вышыванкаў. Ды і ўвогуле — каля кожнага нацыянальнага куточка, бо сустракалі ўсюды шчырымі ўсмешкамі і прымалі як найлепшага госця.

Свята перамясцілася ў вялікую залу, дзе распачалася ўрачыстая частка фестываля. Напачатку яе члены журы ўручылі граматы нацыянальным суполкам, што вядуць актыўную дзейнасць і з’яўляюцца ўпрыгажэннем шматнацыянальнай Гродзеншчыны. Сярод узнагароджаных былі і лідскія аб’яднанні і іх кіраўнікі: Галіна Жыткевіч – гарадскі аддзел грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, Марына Міцюкевіч – лідскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў “Рута”, Таццяна Мялевіч – рэгіянальнае мемарыяльна-культурнае аб’яднанне, Аляксандр Літвіненка – лідская арганізацыя “Трэмбіта” Беларускага грамадскага аб’яднання украінцаў.

Калі на паркеце госці свята мелі магчымасць убачыць знешнюю прыгажосць розных нацыянальнасцей, то на сцэне вялікай залы ва ўсёй глыбіні паўстала прыгажосць душы кожнага з народаў. Яна адлюстравалася ў пачуццях, што перадаваліся праз музыку і словы песень, праз рухі танцаў. Алія Гуцава, кіраўнік лідскага аб’яднання Гродзенскага філіяла Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Ата-мекен” на рускай і казахскай мовах выканала песню “Зямля Казахстан”, у якой распавяла кранальную трагічную гісторыю казахскай зямлі, куды калісьці ссылаліся рэпрэсіраваныя, — аб тым, як пад страхам уласнай смерці казахі дапамагалі вязням не загінуць. Артысты ансамбля цыганскай песні “Джана Рома” з Ашмян – наадварот, літаральна захапілі, запалілі зал эмоцыямі. Надзвычай багатую і разнастайную песенную і танцавальную спадчыну прадставілі нацыянальныя суполкі бліжэйшых беларусам народаў – палякаў, украінцаў, рускіх, літоўцаў… Сваё слова ў ёй сказалі і лідчане – артысты калектываў “Смерічка” (украінцы), “Лідзяне”, “Крэсовэ забавы”, “Меморыя”, “Стокроткі” (палякі), “Рута” (літоўцы), а таксама “Шалом” (яўрэі), “Салтанат” (казахі).

Нумары большасці калектываў былі сцэнічныя і самабытныя, часта ператвараліся нават у тэатральныя дзействы: з элементамі песень, танцаў і імправізацый. Сярод характэрных рысаў гэтага фестывалю можна адзначыць і пераемнасць традыцый: актыўна ў ім удзельнічалі дзіцячыя і моладзевыя калектывы. Гэта сведчыць: дыяспары развіваюцца, захоўваюць свае традыцыі, культуру і перадаюць іх наступным пакаленням.

Гледачы ў зале дзяліліся сваімі ўражаннямі. Лідчанка Марына Баравуля: “Мая мама руская, тата беларус, я беларуска, мой муж беларус, мама майго мужа палячка, сваю старэйшую дачку я аддала ў беларуска-польскі клас. Мы жывём на такой незвычайнай зямлі, дзе спляліся розныя нацыянальнасці. Дзякуючы нашаму менталітэту і той дзяржаўнай палітыцы, якая праводзіцца, мы жывём у згодзе і ў нас можна толькі павучыцца іншым”. Пенсіянерка Ганна Іосіфаўна Рудзевіч: “Я атрымала незабыўныя ўражанні: паспрабавала стравы з нацыянальных кухняў, паглядзела цудоўны канцэрт. “Цудоўны” кажу без перабольшвання, бо дастойна ўсё: высокі прафесійны ўзровень, прыгожыя касцюмы і, галоўнае, твары выступоўцаў – жывыя, відаць, што артысты перажываюць тое, што хочуць нам сказаць. Я радая, што прыйшла”.

— Адбылося вялікае прыгожае свята: шматнацыянальнае, музычнае, харавое, — выказаў сваё ўражанне старшыня журы Міхаіл Дрынеўскі. — Цяжка вылучць найлепшых: усе дастойныя! Бачна, што ёсць рэзервы, ёсць жаданні, людзі жывуць, святкуюць на сцэне. І іх творчасць даходзіць да гледача. А калі яна кранае душу, гэта — сапраўднае мастацтва.

Лідская газета


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *