Нядаўна мы, навучэнцы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, пабылі на фабрыцы ”Слодыч”, дзе ўбачылі, як вырабляюць любімае пячэнне.
Спачатку ў канферэнц-зале мы паглядзелі відэаролік пра гісторыю фабрыкі. Усё пачалося яшчэ ў 1905 годзе, калі Мінскай гарадской управай было выдадзена “Гандлёвае пасведчанне №34 кавярні з кандытарскімі прадуктамі і пякарні кандытарскіх прадуктаў Георгія Вікенцьевіча Рачкоўскага”, якая знаходзілася ў цэнтры горада, на Захар’еўскай вуліцы.
Цяпер прадукцыя фабрыкі “Слодыч” рэалізуецца не толькі на беларускім рынку, але і на экспарт. З беларускім пячэннем знаёмы жыхары Расіі, ЗША, Канады, Сербіі, Манголіі, Кітая, Ізраіля і іншых краін. На фабрыцы выпускаецца больш за 100 відаў пячэння: цукровае, зацяжное, здобнае, глазураванае, дыябетычнае, а таксама крэкеры і кексы. Візітнай карткай прадпрыемства застаецца пячэнне, якое пачало выпускацца з сярэдзіны мінулага стагоддзя: “Беларускі гасцінец”, “Арэхавае з фундуком”, “Да падвячорка”. Усе вырабы выпускаюцца пад дэвізам: “Прадукцыя як для самых блізкіх. Як для сябе”.
Праслухаўшы “смачнае” паведамленне пра гісторыю фабрыкі, мы ўдзельнічалі ў віктарыне. За правільныя адказы атрымлівалі падарункі. А самае цікавае нас чакала наперадзе: увесь працэс вырабу пячэння — ад замешвання цеста да фасоўкі гатовай прадукцыі.
Апранаемся ў спецыяльную вопратку і ідзём у цэх. Тут усё аўтаматызавана, машыны італьянскай вытворчасці. Глядзім, як замешваюць, раскатваюць і фармуюць цеста для цукровага пячэння, як цеста праходзіць праз печ, ператвараючыся ў хрусткае пячэнне, якое астуджаецца, і машыны пакуюць яго ў тару. Мы смакуем цукровае пячэнне яшчэ гарачым, духмяным, проста з канвеера. Гэта вельмі смачна!
Пераходзім у другі цэх і назіраем, як робяць зацяжное пячэнне. Нас зацікавіла асаблівасць вырабу: васьміразовае напластаванне лістоў цеста адзін на адзін, каліброўка таўшчыні цеста і яго фармоўка. Затым пячэнне ўпрыгожваюць кропачкамі і наносяць лёгкія ўзоры і надпісы.
Пабылі мы ў цэху, дзе вырабляюць здобнае пячэнне з сырам “Да падвячорка”. Гатуюць яго ўручную, каб было “як дома ў мамы”. Назіралі, як пячэнне “апранаюць” у цэлафан.
У кожным цэху мы маглі пасмакаваць свежае пячэнне. Асабліва спадабалася глазураванае і з сырам. А напрыканцы экскурсіі атрымалі падарункі ад фабрыкі “Слодыч”.
Дамоў вярталіся вясёлыя і задаволеныя падарожжам у краіну пячэння.
Я. АНДРУЦЭВІЧ, С. ЖАДЗЕЙКА, Д. ІВАШЭВІЧ,
навучэнцы СШ №3 г. Дзятлава