Праект пад такой назвай рэалізоўваецца ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава. Яго кіраўнік, Ірына Уладзіміраўна Дарафейчык, расказала, што праект мае дзве мэты. Гэта развіццё мясцовага турызму праз знаёмства з фальклорнай спадчынай раёна і стварэнне і рэалізацыя вышываных крыжыкам карцін з выявамі краявідаў і адметнасцяў Дзятлаўшчыны.
У рамках праекта ў школе функцыянуе арт-цэнтр «Натхненне», распрацаваны бізнэс-план. Карціны, вышытыя вучнямі, плануецца рэалізоўваць жыхарам раёна, турыстам, наведвальнікам санаторыя «Радон».
Праект уключаецца і ў турыстычную карту, распрацаваную школьнікамі. Навучэнцы школы вырашылі знаёміць турыстаў з дзейнасцю вядомых на Дзятлаўшчыне творчых калектываў. Яны ўжо распрацавалі турыстычныя маршруты, якія прывядуць гасцей, напрыклад, у вёску Погіры, якая славіцца сваім фальклорным гуртам, або ў гарадскі пасёлак Наваельня, вядомы духавым аркестрам. Запрашаць у Дзятлава знаёміцца з фальклорнай спадчынай плануюць не толькі нашых суайчыннікаў, але і турыстаў з Літвы, Расіі, іншых краін. На карту маршрутаў нанесены таксама мясцовыя аграсядзібы, дзе могуць спыніцца госці.
Дарэчы, першыя крокі ў рэалізацыі праекта ўжо зроблены. З 16 кастрычніка ў музеі школы №1 ладзілася выстава «Фантазіі ўзлёт, жаночых рук тварэнне». Тут экспанаваліся вышытыя крыжыкам карціны. Свае работы прадставілі майстрыхі Вольга Міхайлаўна Старыкава — настаўніца рускай мовы і літаратуры, Надзея Міхайлаўна Абрамчык — ветэран педагагічнай працы, Вольга Уладзіміраўна Зайцава, цырульнік, мама навучэнцаў школы. На асенніх канікулах выставу змаглі наведаць вучні іншых школ раёна.
І. КАЎКЕЛЬ