Прэзідэнт даў палёгку дробнаму і сярэдняму бізнэсу

Падзеі

16 лістапада 2017 года на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. У якасці галоўнай абмяркоўвалася тэма развіцця ў Рэспубліцы Беларусь прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці, як дадатковыя — аб прымаемых мерах па супрацьдзеянні наркаманіі, незаконнаму абароту наркотыкаў і правапарушэнням у Гродзенскай вобласці, аб барацьбе са СНІДам.

Раённыя інфармацыйна-прапагандысцкія групы наведалі працоўныя калектывы. Інфармацыйная група старшыні райвыканкама А. Дубовіка ў Казлоўшчынскім сельвыканкаме сустрэлася з жыхарамі сельсавета і работнікамі мясцовых арганізацый.

З асноўным дакладам выступіў начальнік аддзела эканомікі райвыканкама А. Урбановіч. Ён пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы з агульнай статыстыкай і эканамічнымі паказчыкамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў краіне і рэгіёне, расказаў аб мерах па паляпшэнні дзелавога асяроддзя ў Беларусі, спрашчэнні падаткаабкладання, дзяржаўнай падтрымцы суб’ектаў прыватнага сектара эканомікі, удасканаленні кантрольнай дзейнасці. У прыватнасці, зазначыў, што ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў многім залежыць ад узроўню актыўнасці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, паколькі гэты сектар эканомікі з’яўляецца даволі мабільным і можа згладзіць негатыўныя працэсы ў сферы занятасці насельніцтва, забяспечыць сацыяльную адаптацыю работнікаў, якія вызваляюцца з буйных прадпрыемстваў, а таксама сфарміраваць новыя нішы рынку і крытэрыі эканамічнага росту.

На 1 студзеня 2017 года ў Дзятлаўскім раёне налічвалася 136 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з іх сярэдніх арганізацый — 7, малых — 15 і мікраарганізацый — 114. Колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў на 1 студзеня 2017 года складала 436 чалавек. За студзень-кастрычнік 2017 года зарэгістравана 10 малых прадпрыемстваў і 43 індывідуальныя прадпрымальнікі. Сектар малога прадпрымальніцтва забяспечвае занятасць насельніцтва і засяроджаны ў сферы паслуг насельніцтву.
У рамках Дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016-2020 гады ажыццяўляецца аптымізацыя адміністрацыйных працэдур.

Для мінімізацыі ўмяшальніцтва кантралёраў у гаспадарчую дзейнасць суб’ектаў прадпрымальніцтва таксама прадугледжаны шэраг зменаў, сярод якіх — перастаноўка акцэнту ў дзейнасці кантралёраў на прафілактычную работу; устанаўленне адміністрацыйнай адказнасці кантралёраў за ўчыненне грубых парушэнняў пры правядзенні праверак; рэфармаванне сістэмы ведамаснага кантролю з пераарыентацыяй гэтых службаў на правядзенне аналізу (аудыту) і прыняцце мер па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемства. Гэтыя і іншыя нормы змешчаны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2017 года № 376 «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці».

Для развіцця малога бізнэсу створана спрошчаная сістэма падаткаабкладання, для якой устаноўлены адны з самых нізкіх ставак на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза. У Гродзенскай вобласці на 1 студзеня 2017 года спрошчаную сістэму падаткаабкладання выкарыстоўвалі 5 744 арганізацыі і 12 681 індывідуальны прадпрымальнік, што складае 47% ад усіх плацельшчыкаў, якія стаяць на ўліку ў падатковых органах.

Сельгасвытворцам Беларусі прадастаўлена магчымасць выкарыстання льготнага рэжыму падаткаабкладання ў выглядзе выплаты адзінага падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі па стаўцы 1%.

Прадугледжаны спецыяльныя рэжымы падаткаабкладання для асобаў, якія займаюцца рамеснай дзейнасцю, аказаннем паслугаў у сферы аграэкатурызму.

Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць на тэрыторыі сельскай мясцовасці дробны гандаль, грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі насельніцтву і на тэрыторыі невялікіх гарадоў грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі насельніцтву, на пяць гадоў (1 студзеня 2018 — 31 снежня 2022 гадоў) прадастаўлены шэраг льготаў (прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2017 года № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання»).

Праводзяцца рэформы для дынамічнага і ўстойлівага развіцця прадпрымальніцкага сектара эканомікі. За студзень-верасень 2017 года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 9 новых прадпрыемстваў. За 9 месяцаў 2017 года на нядаўна створаныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў працаўладкаваны 47 чалавек, з іх на новыя прадпрыемствы — 16 чалавек. Дзятлаўскі райвыканкам выдзяляў фінансавую дапамогу ў выглядзе субсідый для арганізацыі ўласнай справы (субсідыі за студзень-верасень 2017 года атрымалі 4 беспрацоўныя на суму 10427,92 рубля).

Суб’ектамі малога і сярэдняга бізнэсу за 9 месяцаў 2017 года пастаўлена за межы Рэспублікі Беларусь прадукцыі на суму 2603 тысячы долараў ЗША, што складае 12,7% аб’ёму экспарту раёна. На экспарт пастаўляюцца драўніна, вырабы з яе, пластмаса, вырабы з яе, пакеты папяровыя ўпаковачныя, іншая прадукцыя (прадпрыемствы-экспарцёры: ТАА «Канвіга», ТАА «Изакам», ТАА «Изакам Пласт», СТАА «Суперпакінвест».

Начальнік аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама А. Біль расказаў, што міліцыя раёна прымае ўсе неабходныя меры для барацьбы з наркаманіяй і злачынствамі, звязанымі з наркотыкамі. Значных вынікаў у гэтым накірунку дапамог дасягнуць Дэкрэт №6 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, многія патрабаванні якога цяпер замацаваны ў Крымінальным кодэксе краіны. Дзякуючы прафілактычнай кампаніі апошніх гадоў удалося мінімізаваць рэалізацыю на тэрыторыі рэспублікі асабліва небяспечных сінтэтычных наркотыкаў і спайсаў (пік іх ужывання і негатыўныя наступствы прыйшліся на 2014 год). Наш раён, на жаль, не застаўся ў баку ад праблемы наркаманіі: на 1 лістапада 2017 года на уліку ў доктара-нарколага знаходзіліся 4 асобы, якія ўжывалі наркотыкі, 3 з іх зняты з уліку з-за накіравання ў месцы пазбаўлення волі. У рэалізацыі раённага комплекснага плана па барацьбе з наркаманіяй задзейнічаны ўсе структуры соцыуму. Загадчыца санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Дзятлаўскага райЦГЭ Л. Лазоўская расказала аб сітуацыі з распаўсюджваннем ВІЧ і СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь. Яна зазначыла, што найчасцей перадача інфекцыі адбываецца палавым шляхам — 87,7%. На жаль, у апошнія гады рызыцы заражэння падвержаны ўсе групы насельніцтва, таму шмат увагі варта надаваць пытанням прафілактыкі. Кожны чалавек павінен памятаць, што ў першую чаргу ён сам адказвае за сваё здароўе.

Старшыня райвыканкама А. Дубовік, пракаменціраваўшы выступленне А. Урбановіча па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці, адзначыў, што задача мясцовай улады — даць людзям як мага больш актуальнай інфармацыі па праблеме. За адзін дзень ці адзін месяц стан прыватнага бізнэсу не можа змяніцца карэнным чынам. Па словах намесніка Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь, станоўчыя вынікі мы заўважым толькі праз два-тры гады. Але штуршок у развіцці прадпрымальніцкіх ініцыятываў ужо дадзены.

І. СТЫРНІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *