У Дзятлаве адбылося пасяджэнне Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. У ім прынялі ўдзел старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Жыдко, галоўны спецыяліст упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Дзятлаўскага райвыканкама Святлана Латушка, старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Рамуальд Юроўскі.
На павестку дня было вынесена пытанне аб сумеснай рабоце дзятлаўскіх наймальнікаў і прафсаюзаў па рэалізацыі комплексу мер асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады.
Выступаючы перад прысутнымі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў адзначыў, што ў раёне склаліся добрыя партнёрскія адносіны паміж райкамам прафсаюза, раённым выканаўчым камітэтам, кіраўнікамі арганізацый і ўстановаў. Шмат увагі надаецца сацыяльнаму партнёрству, якое дазваляе стварыць у працоўных калектывах спрыяльны маральна-псіхалагічны клімат. Райкамам праводзіцца мэтанакіраваная работа па забеспячэнні кантролю за захаваннем працоўнага заканадаўства, паляпшэнні ўмоваў працы ў арганізацыях, установах, на прадпрыемствах.
— Для раённага аб’яднання вельмі важна выяўляць і дапамагаць вырашаць праблемы на прадпрыемствах і ў арганізацыях, – падкрэсліў Андрэй Даміравіч. – З гэтай мэтай аналізуецца выкананне калектыўных дагавораў, адсочваецца, каб нормы і ўмовы, якія пагаршаюць становішча работнікаў, не былі ўключаны ў калектыўныя дагаворы. Сёння асноўнае, што хвалюе чалавека, – гэта своечасовая выплата заработнай платы, захаванне працоўнага месца і годныя ўмовы працы. Гэта агульны інтарэс і прафсаюзаў.
Так, практычна ва ўсе калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў раёна ўключана палажэнне аб падаўжэнні кантракта з работнікам, якому засталося да дасягнення пенсійнага ўзросту тры і менш гадоў. Згода прафкама неабходна для скасавання кантракту па заканчэнні тэрміну яго дзеяння па ініцыятыве наймальніка з інвалідамі, работнікамі, якія перанеслі прамянёвую хваробу, прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адзінокімі маці (бацькамі), якія маюць дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў (дзяцей-інвалідаў – да 18 гадоў). Работа праводзіцца ў сферы моладзевай палітыкі з мэтай замацавання маладых кадраў. Гэта арганізацыя настаўніцтва, як адзін з метадаў навучання вопытнымі супрацоўнікамі маладых спецыялістаў, устанаўленне максімальных даплат і надбавак, аказанне матэрыяльнай дапамогі, прадастаўленне жылля.
Адна з формаў работы па вырашэнні канфліктных працоўных пытанняў – гэта правядзенне штомесячных прафсаюзных прыёмаў. Як паказала статыстыка, падобныя кансультацыі запатрабаваныя. Жыхары раёна звярталіся да прававых інспектараў з пытаннямі выплаты матэрыяльнай дапамогі, індэксацыі зарплаты, выплаты па страце працаздольнасці.
Каб быць аб’ектыўнымі, а не галаслоўна крытыкаваць або адзначаць толькі станоўчыя моманты, прафсаюзы пастаянна праводзяць маніторынгі за выкананнем заканадаўства аб працы і аб ахове працы. У маі бягучага года па выніках абследаванняў арганізацый Дзятлаўскага раёна тэхнічнымі інспектарамі Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў выяўлены 126 парушэнняў патрабаванняў аховы працы, у тым ліку рэкамендавана прыпыніць эксплуатацыю і выкарыстанне 10 адзінак няспраўнага вытворчага абсталявання, машын і механізмаў.
Выклікае занепакоенасць Федэрацыі прафсаюзаў таксама рэалізацыя пункта 12 Генеральнага пагаднення, паколькі на працягу першага паўгоддзя 2017 года па-ранейшаму фіксавалася наяўнасць запазычанасці па заработнай плаце. На 1 ліпеня 2017 года яна дапушчана ў 123 арганізацыях рэспублікі. У Дзятлаўскім раёне сёлета праблемнымі аказаліся сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (у перыяд веснавых работ) і будаўнічае прадпрыемства “Дзятлаўскае МПМК -147” – тут заработная плата не выплачваецца з верасня.
— Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі не з’яўляецца эканамічным штабам, але звяртае ўвагу на тыя пытанні, у якіх прафсаюзы з’яўляюцца экспертамі, на пытанні, з якімі людзі сутыкаюцца ў штодзённай рабоце, — падкрэсліў Андрэй Сатараў. — У першым паўгоддзі 2017 года не выкананы ў поўным аб’ёме многія важнейшыя для сацыяльнай падтрымкі насельніцтва абавязацельствы, уключаныя ў Генеральнае пагадненне, што было абмеркавана на апошнім пасяджэнні Прэзідыума Савета Федэрацыі ў верасні гэтага года. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў студзені-чэрвені 2017 года склалі 99,2 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. На жаль, Урадам не выконваецца абавязацельства па вызначэнні мінімальнай заработнай платы не ніжэй за ўзровень мінімальнага спажывецкага бюджэту для сям’і з чатырох чалавек.
Па дадзеных маніторынгу Федэрацыі прафсаюзаў, 27% работнікаў арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту, атрымліваюць даплату да мінімальнай заработнай платы, паколькі налічаная ім зарплата з улікам стымулюючых і кампенсацыйных выплат ніжэйшая за мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы. Напрыклад, у галіне адукацыі такую даплату атрымліваюць усе работнікі, якія маюць з 1 па 10 разрад.
Звяртаючы ўвагу на існуючыя пытанні ў рэалізацыі Комплексу мер, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўносіць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства, накіраваныя на рэалізацыю Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2020 гады. У ліку прапановаў: перагляд раней устаноўленых у калектыўных дагаворах гарантый работнікам; заключэнне калектыўных дагавораў у арганізацыях усіх формаў уласнасці любых арганізацыйна-прававых формаў; заключэнне новага кантракта з работнікам, які не дапускае парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны (са згоды работніка) – на тэрмін не менш за тры гады, а з работнікамі, якія маюць, акрамя таго, высокі прафесійны ўзровень і кваліфікацыю – на максімальны тэрмін; рэалізацыя мерапрыемстваў, неабходных для ўвядзення ў Рэспубліцы Беларусь страхавання ад беспрацоўя; увядзенне страхавання рызык нявыплаты заработнай платы пры банкруцтве арганізацыі; устанаўленне тарыфнай стаўкі першага разраду для арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту, у памеры мінімальнай заработнай платы.
— Лічу, што гэта абсалютна справядлівыя прапановы. Наша работа ў тым і заключаецца, каб бачыць, што можна палепшыць у заканадаўстве, —адзначыў старшыня Дзятлаўскага аб’яднання прафсаюзаў.
На пасяджэнні выступілі старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый цэнтральнай раённай бальніцы Валерый Макарчык і ААТ “Граніт-Агра” Алена Зенчык, таксама старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі. Яны расказалі аб выкананні некаторых пунктаў калектыўных дагавораў – аб прэміраванні работнікаў, аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, аб аказанні матэрыяльнай дапамогі, аб замацаванні маладых спецыялістаў. Акцэнтавалі ўвагу на адраджэнні традыцыі настаўніцтва, на ўдзеле членаў прафсаюзаў як у раённых, так і абласных культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах. З дакладаў было зразумела, што прафсаюзны камітэт і наймальнікі знаходзяць узаемаразуменне, каб стаяць на абароне правоў працоўных калектываў, ствараць спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку.
Паколькі галоўны сацыяльны партнёр райкама прафсаюзаў – раённы выканаўчы камітэт, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жыдко праінфармаваў прысутных аб сітуацыі ў раёне па сацыяльна-эканамічным развіцці, расказаў, як выконваюцца прагнозныя паказчыкі па экспарце тавараў і паслуг, аб станоўчых тэндэнцыях у сферы занятасці насельніцтва, пастаўленых задачах па росце сярэднямесячнай заработнай платы жыхароў раёна.
Нагадала аб змяненнях у заканадаўчых актах, якія датычацца атэстацыі працоўных месцаў, галоўны спецыяліст упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Святлана Латушка.
Вынікі пасяджэння падвёў старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Рамуальд Юроўскі. Ён адзначыў мэтанакіраваную станоўчую работу, якая праводзіцца раённым камітэтам прафсаюза па ўзаемадзеянні з органамі дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання раёна па абароне працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных. Лідар абкама прафсаюзаў падзякаваў старшыням пярвічных прафсаюзных арганізацый за актыўную бескарыслівую дзейнасць.
І. КАМАРОВА
Фота В. ЮШКЕВІЧ