Пажарныя, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да бізнесу ў Беларусі спрашчаюцца на 90 працэнтаў

Падзеі

Пажарныя, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да бізнесу ў Беларусі спрашчаюцца на 90 працэнтаў. Аб гэтым 26 лістапада ў эфіры тэлеканала АНТ паведаміў кіраўнік Апарату Савета Міністраў, старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандр Турчын, каменціруючы дэкрэт нумар 7 ад 23 лістапада 2017 года «Аб развіцці прадпрымальніцтва».
Дэкрэтам максімальна сістэматызаваны і скарочаны шэраг патрабаванняў да бізнесу. Колькасць тых, што датычацца пажарнай бяспекі, скарацілася з больш як 500 да крыху больш як 50. Санітарных раней было каля 1,1 тыс., цяпер застаецца прыкладна 100. «Сёння практычна на 90 працэнтаў спрашчаецца гэта сфера», — сказаў Аляксандр Турчын.
Старшыня Савета адзначыў, што нормы дэкрэта спрашчаюць умовы вядзення бізнесу, адначасова павышаючы адказнасць яго ўладальнікаў за дзейнасць прадпрыемства, арганізацыі. «Гэта значыць тыя сферы, з якіх выходзіць дзяржава ў рэгуляванні, — гэта ўжо зона адказнасці, перш за ўсё кіраўніка», — дадаў ён.
Як паведамлялася, дэкрэт, які з’яўляецца ключавым дакументам з пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 лістапада. Дакумент прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізуе ўмяшанне службовых асоб у работу суб’ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю работу перад грамадствам. Пры гэтым захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю з боку дзяржавы. Для дасягнення гэтых мэт уводзіцца паведамляльны парадак ажыццяўлення найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці: бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасць прадукцыі, будматэрыялаў і іншыя. Максімальна знімаюцца адміністрацыйныя бар’еры, звязаныя з наяўнасцю складаных і працяглых працэдур, атрыманнем вялікай колькасці даведак, узгадненняў і іншай дазвольнай дакументацыі.
Адначасова дэкрэт устанаўлівае адміністрацыйную адказнасць кіраўніка за забеспячэнне нармальнай работы прадпрыемства. У прыватнасці, за непрыняцце ім неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці прадпрыемства, што прывяло да шкодных наступстваў, калі няма прыкмет злачынства або іншага адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжаны штраф ад 10 да 200 базавых велічынь.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *