Незакансерваваны доўгабуд — парушэнне

Здарэнні і бяспека

Пракуратурай Дзятлаўскага раёна праведзена праверка выканання мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 года №87 «Аб некаторых мерах па скарачэнні не завершаных будоўляй незакансерваваных дамоў, дачаў».

Адпаведна часткі 1, 3 пункта 1 Указа №87, будаўніцтва капітальных будынкаў у выглядзе жылога дома, дачы на зямельных участках, прадастаўленых у вызначаным парадку ў прыватную ўласнасць або пажыццёвае спадчыннае валоданне да 1 красавіка 2006 года для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, дачнага будаўніцтва, павінна быць завершана грамадзянінам на працягу трох гадоў з даты ўступлення ў сілу гэтага Указа. На працягу трох гадоў, пачынаючы з 1 сакавіка 2012 года, павінна быць завершана будаўніцтва капітальных будынкаў у выглядзе жылога дома, дачы на зямельных участках, на якія права прыватнай уласнасці, пажыццёвага спадчыннага валодання або арэнды зарэгістравана з 10 лютага 2009 года да 1 сакавіка 2012 года.

Пры гэтым, завяршэннем будаўніцтва жылога дома, дачы прызнаецца ўзвядзенне падмурка, сценаў і даху дома, дачы, незалежна ад іх уводу ў эксплуатацыю.

Вынікі праверкі сведчаць аб тым, што на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна пералічаныя патрабаванні выконваюцца не ўсімі забудоўшчыкамі. У той жа час, парушэнні вызначаных Указам №87 тэрмінаў завяршэння будаўніцтва жылых дамоў аддзелам архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама выяўляюцца несвоечасова, вычарпальныя меры, скіраваныя на ўхіленне выяўленых парушэнняў, не прымаюцца.
Так, у час праверкі стану зямельных участкаў, прадастаўленых Дзятлаўскім райвыканкамам больш за 5 гадоў таму для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, устаноўлены зямельныя ўчасткі толькі з падмуркам, гаспадарчымі пабудовамі, без кансервацыі ў вызначаным парадку няскончанага будаўніцтва.

Паколькі грамадзяне ў вызначаным парадку не звярталіся з заявамі аб падаўжэнні тэрміну завяршэння будаўніцтва, узніклі прадугледжаныя заканадаўствам падставы для канфіскацыі гэтых зямельных участкаў у судовым парадку і выкупу размешчаных на іх аб’ектаў нерухомасці (продажу з публічных таргоў), адпаведна пункту 2 Указа №87.

Гэтыя факты сведчаць аб тым, што работа па кантролі за захаваннем тэрмінаў будаўніцтва пры асваенні грамадзянамі зямельных участкаў, прадастаўленых для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, якая праводзіцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, недастатковая і патрабуе актывізацыі.

У сувязі з выяўленымі парушэннямі патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 года №87 пракуратурай раёна ў раённы выканаўчы камітэт унесена прадпісанне аб іх ухіленні.

А. ЮРКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *