Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з працоўным калектывам СЗАТ «БелДжы» пасля ўрачыстага адкрыцця прадпрыемства заявіў, што запуск у краіне вытворчасці легкавых аўтамабіляў быў яго марай.
«Нашы сябры адгукнуліся на маю просьбу і дапамаглі стварыць гэты цудоўны завод. Больш таго, яшчэ і пракрэдытавалі. Таму перш за ўсё я хачу сёння сказаць, што мая мара зрабіць свой легкавы аўтамабіль ажыццявілася», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за гэта неабходна падзякаваць кіраўніцтву Кітайскай Народнай Рэспублікі, у прыватнасці старшыні КНР Сі Цзіньпіну. «Зусім хутка ў мяне з’явіцца такая магчымасць і я асабіста змагу яму падзякаваць за тое, што ён, адгукнуўшыся на маю просьбу, дапамог нам стварыць гэту вытворчасць», — адзначыў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, запуск завода — гэта толькі пачатак. «Як вы разумееце, вырабіць — гэта не праблема, галоўнае — прадаць. Рынак не проста насычаны, і канкурэнты тут па Беларусі і за яе межамі спрабуюць знайсці хоць маленькую нішу, каб прадаць свой тавар. Канкурэнцыя вельмі моцная. І сёння ўраду даручана распрацаваць меры, якія дадуць нам магчымасць прадаваць хаця б 60 тыс. аўтамабіляў на ўнутраным і знешнім рынках. Гэта невялікая колькасць, але 60 тыс. — прыбытковая работа, добрая заработная плата працоўнага калектыву», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.