Кабякоў: урад Беларусі прадоўжыць усямерна падтрымліваць прадпрымальніцтва

Падзеі

Урад Беларусі будзе і далей усямерна падтрымліваць прадпрымальніцтва. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на адкрыцці VII Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва, які праходзіць у рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі.
«Урад будзе і далей усямерна падтрымліваць развіццё прадпрымальніцтва, рэалізоўваць на практыцы новыя формы і механізмы ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу», — сказаў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, будуць падтрымлівацца ініцыятывы прыватнага сектара па пашырэнні і паўсюдным распаўсюджванні ідэй прадпрымальніцтва шляхам удзелу ў фарміраванні адкрытага дыялогу бізнесу і ўлады.
«Роля прадпрымальніцтва ў нацыянальнай эканоміцы, стварэнні новых рабочых месц і ўстойлівым сацыяльным развіцці высокая. Гэты сегмент эканомікі здольны хутка рэагаваць на зменлівыя ўмовы рынку, генерыраваць і за кароткі тэрмін увасабляць інавацыйныя ідэі ў рэальныя праекты, займаць новыя нішы на рынках тавараў і паслуг, пашыраць сваю прысутнасць на знешніх рынках», — сказаў Андрэй Кабякоў.
Урад вельмі зацікаўлены ў развіцці малога і сярэдняга бізнесу. «У гэтым сектары працуе трэць усіх занятых у эканоміцы. Гэта ўжо нямала. Але патэнцыял для далейшага развіцця і росту вялікі, і мы маем намер яго выкарыстоўваць», — запэўніў Андрэй Кабякоў.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што безумоўным прыярытэтам дзяржавы з’яўляецца вырашэнне задач па павышэнні цікавасці да прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнні магчымасцей для развіцця малых і сярэдніх кампаній, фарміравання на іх базе кропак эканамічнага росту і павышэння канкурэнтаздольнасці краіны. У гэтых мэтах у Беларусі створаны розныя прэферэнцыяльныя рэжымы, сферы дзейнасці якіх шырокія — ад стымулявання высокатэхналагічных і экспартаарыентаваных вытворчасцей да комплекснага развіцця рэгіёнаў краіны.
«Мы актыўна стымулюем стварэнне кампаній у малых гарадскіх паселішчах і сельскай мясцовасці. Урад пастаянна працуе над паляпшэннем умоў вядзення бізнесу. Інструменты эканамічнай палітыкі накіраваны на падтрыманне добрасумленнай канкурэнцыі, стымуляванне стварэння новых рабочых месц у сферы вытворчасці тавараў і паслуг за кошт прыцягнення перш за ўсё прыватных інвестыцый», — канстатаваў прэм’ер-міністр.
Андрэй Кабякоў нагадаў, што цяпер рэалізуецца комплекс мер па разняволенні дзелавой ініцыятывы. «У гэтым годзе мы робім чарговы крок па максімальнай лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. У цесным узаемадзеянні з прадпрымальніцкай супольнасцю падрыхтаваны пакет дзесяці праектаў нарматыўных прававых актаў. Восем з іх падпісаны ўжо кіраўніком дзяржавы, два дакументы знаходзяцца на яго разглядзе. Сур’ёзна рэфармавана кантрольна-наглядная дзейнасць — акцэнт у рабоце перанесены на прафілактычны складнік. Уведзены інстытут падатковых кансультантаў. У прадпрымальнікаў з’явілася магчымасць атрымаць прафесійную параду ў спецыяліста, які нясе адказнасць за свае рэкамендацыі», — расказаў ён.
Прэм’ер-міністр праінфармаваў, што радыкальна скарачаецца аб’ём абавязковых патрабаванняў санітарных і экалагічных норм, тэхнічных стандартаў. Істотна спрашчаюцца ўмовы пачатку работы прадпрымальнікаў, пашыраюцца магчымасці для доступу да фінансавых рэсурсаў. Па ініцыятыве ўрада створаны інстытут малога і сярэдняга прадпрымальніцтва — Банк развіцця. «Праз гэты канал ініцыятыўныя прадпрымальнікі могуць на конкурснай аснове атрымаць доўгатэрміновыя крэдыты на прывабных умовах для рэалізацыі сваіх інвестыцыйных праектаў», — дадаў Андрэй Кабякоў.
Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць сёмы раз у Беларусі з 13 па 19 лістапада. Тэма ў гэтым годзе — стартапы. Адкрыў тыдзень VII Міжнародны форум прадпрымальніцтва, прысвечаны тэме «Сінергія. Стартапы і карпарацыі». На форуме абмяркоўваюцца новыя інавацыйныя стратэгіі бізнесу, фінансавыя інструменты для падтрымання бізнесу і г.д. У праграме тыдня таксама дзіцячы фестываль «Я — будучы прадпрымальнік» і Дзень інвестара, які будзе насычаны лекцыямі і практычнымі майстар-класамі для інвестараў і бізнес-анёлаў.
Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праводзіцца ў больш як 160 краінах свету і дапамагае 20 млн людзей рэалізаваць свой патэнцыял дзякуючы ўдзелу ў 95 тыс. мерапрыемстваў. Беларусь далучылася да Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў 2011 годзе і стала 137-й краінай — удзельніцай буйнейшай прадпрымальніцкай ініцыятывы ў свеце.

БелТА


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *