Фестывалі, святы, конкурсы

Культура і адпачынак

16 лістапада ў аграгарадку Гуды Лідскага раёна пройдзе раённы конкурс працоўных дынастый работнікаў сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся…”. У мерапрыемстве прымуць удзел чатыры дынастыі работнікаў аграпрамысловага комплексу, якія будуць праяўляць таленты, кемлівасць і крэатыў у спаборніцтвах. Конкурс будзе суправаджацца канцэртнымі нумарамі ўдзельнікаў клубных фарміраванняў раёна.
Пачатак у 17 гадзін.

18 лістапада ў Свіслачы адбудзецца абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017”. У праграме: святочнае шэсце і ўзнагароджанне пераможцаў спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2017 года, адкрыццё спартшколы, работа тэматычных падворкаў і горада майстроў, сельскагаспадарчы кірмаш, выстава-прэзентацыя па выніках конкурсу “Лепшы каравай Гродзенскай вобласці”, адкрыццё новага сімвала горада — скульптуры “Графскі шпіль”, які сімвалізуе Свіслацкі кірмаш. У гарадскім парку адбудзецца адкрыццё шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўкі, будзе абсталявана пляцоўка паляўнічага і рыбалова, паказальнае выступленне рыхтуе трофі-клуб “Белавежскія зубры”. Багатую, яркую і запамінальную канцэртную праграму абяцаюць на свяце артысты, якія з’едуцца ў раённы цэнтр з розных куткоў Беларусі.
Пачатак у 10 гадзін.

19 лістапада ў аграгарадку Канвялішкі Воранаўскага раёна пройдзе свята прыпеўкі “Прыпеўкі з кожнага двара”. Усе жадаючыя змогуць паглядзець выступленні калектываў аматарскай творчасці Воранаўшчыны, выканаць любімыя прыпеўкі, прыдумаць новыя паэтычныя радкі.
Пачатак у 14 гадзін.

19 лістапада ў аграгарадку Ваверка Лідскага раёна адбудзецца фальклорнае свята “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём маленькую радзіму”. Фальклорнае свята ўключае ў сябе знаёмства з таленавітымі майстрамі па ткацтве, займальны аповед аб унікальнай ткацкай тэхніцы, выступленне ўдзельнікаў калектываў аматарскай творчасці, майстар-клас па бытавых танцах.
Пачатак у 13 гадзін.

19 лістапада аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Кальчуны Ашмянскага раённага цэнтра культуры запрашае на раённы агляд-конкурс калектываў вакальна-харавога жанру сельскіх клубных установаў “Напеў зямлі маёй”. Сваё майстэрства прадэманструюць дарослыя і дзіцячыя вакальныя ансамблі Ашмяншчыны.
Пачатак у 15 гадзін.

19 лістапада свята песні “Песня сагрэе сэрца” ў аграгарадку Турэц Карэліцкага раёна. Усе жадаючыя змогуць прадэманстраваць свае вакальныя даныя ў “Караоке-клубе”. У свяце прымуць удзел калектывы вакальна-харавога жанру Карэліцкага, Навагрудскага, Стаўбцоўскага, Баранавіцкага раёнаў. У рамках мерапрыемства адбудуцца творчыя конкурсы “Угадай мелодыю”, “Лепшы голас”, “Знаўцы песень”.
Пачатак у 12 гадзін.

Увесь лістапад штотыдзень у сераду, пятніцу, суботу і нядзелю з 11 да 19 гадзін у Гродзенскім гарадскім цэнтры культуры па вуліцы Савецкай праходзіць выстава-кірмаш вырабаў народнага аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў “Гарадзенскі каларыт”. На кірмашы гродзенцы і госці горада могуць набыць эксклюзіўныя сувеніры ручной работы, у тым ліку і з беларускай сімволікай.

З 16 снежня 2017 года па 15 студзеня 2018 года ў Гродзенскім раёне на Аўгустоўскім канале, шлюз Дамброўка, будзе працаваць “Сядзіба Дзеда Мароза”.

16 снежня 2017 года Дзед Мароз і Снягурка чакаюць вас на Аўгустоўскім канале на ўрачыстым адкрыцці работы сезона “Сядзіба Дзеда Мароза” і запрашаюць паўдзельнічаць у тэатралізаваным навагоднім прадстаўленні “Зімовыя забавы на Аўгустоўскім канале”. Гэта яркае шоу на свежым паветры — вясёлыя конкурсы, жарты, гульні, песні ля навагодняй ёлкі. У “Сядзібе Дзеда Мароза” будзе працаваць навагодняя “Пошта”, дзе кожны зможа пакінуць ліст Дзеду Марозу з жаданнем і просьбай, а таксама адправіць ліст з віншаваннем для знаёмых і родных. Акрамя гэтага, можна будзе пабываць на “Сцежцы казак”, загадаць жаданне на “Чароўным мастку”. Пасля ўдзелу ў “Зімовых забавах на Аўгустоўскім канале” можна будзе пачаставацца гарачым чаем і смачнымі блінамі, наведаць сувенірную краму, паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе навагодніх сувеніраў, сфатаграфавацца з Дзедам Марозам і Снягуркай, казачнымі героямі, а таксама сімвалам новага 2018 года – Земляным Сабакам і сімвалам адыходзячага года – Вогненным Пеўнем.
Пачатак у 12 гадзін.

А. МІКАЛАЕВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *