Дзятлаўчане — сярэбраныя прызёры

Падзеі

На сельскагаспадарчым свяце «Дажынкі-2017» у Свіслачы прайшла моладзевая «Сельская эстафета», у якой паспяхова выступіла каманда Дзятлаўскага раёна.

Сельская вясёлая эстафета скіравана на захаванне традыцый беларускай вёскі, падтрымку сельскагаспадарчых прафесій, прапаганду здаровага ладу жыцця. Яна падарыла ўдзельнікам і гасцям свята зарад бадзёрасці і добры настрой. Арганізатарамі эстафеты выступілі ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, абласны камітэт ГА «БРСМ», камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама.

Чэмпіёнаў вызначалі ў 15 відах спаборніцтваў. Сярод іх былі: «Аграрны баскетбол» — удзельнікі кідалі бульбу ў вёдры, «Яблычны снайпер» — траплялі дроцікамі ў яблык. Сілу і хуткасць выпрабоўвалі ў спаборніцтвах па перакатванні цюкоў сена «Камочкі», пераносцы мяхоў з цукрам «Сілачы». Спрыт дэманстравалі ў забегу «Горача» з вілкамі і чыгункамі. Для ўдзелу ў эстафеце «Уцёкі прынцэсы» маладыя спартсмены пераапрануліся ў персанажаў казкі «Брэменскія музыкі». Змаглі каманды праявіць і свае творчыя здольнасці: будавалі скульптуры з агародніны і садавіны, ігралі ў аркестры мелодыю з дапамогай усяго, што трапляла пад рукі — лыжак, вёдраў, пілаў, іншага «звонкага» інвентара.

Дзятлаўская зборная каманда, у склад якой уваходзілі Руслан Пішчык і Сяргей Пузач (ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод»), Віталь Дзержаноўскі (Дварэцкая сярэдняя школа), Аляксандр Палуносік (Дзятлаўская ДЮСШ), Сяргей Смурага (ААТ «Граніт-Агра»), Аксана Роўба (Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа), Таццяна Курман (ААТ «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь»), Анастасія Глебка (Дзятлаўскі раённы камітэт ГА «БРСМ») прэтэндавала на ролю лідара. Нашы хлопцы і дзяўчаты здолелі прыйсці на фініш другімі ў эстафеце «Уцёкі прынцэсы», занялі другое месца ў спаборніцтве «Камочкі», займелі трэці вынік у выпрабаваннях на трапнасць «Снайпер». Гэта дапамагло камандзе падняцца ў турнірнай табліцы. У выніку дзятлаўчане сталі «сярэбранымі прызёрамі» моладзевай сельскай эстафеты на «Дажынках-2017» у Свіслачы і адзначаны дыпломам.

К. ХІЛІМОНЧЫК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *