Прастудзіцца ў такое надвор’е, як цяпер — дождж, моцны вецер, высокая вільготнасць, — вельмі проста. Разам з нізкімі тэмпературамі актывізуюцца нязваныя “госці” — інфекцыі і вірусы. Аднак фармацэўты падрыхтаваліся да павелічэння захворванняў загадзя.
Падрабязней пра гэта расказала загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі №55 Дзятлаўскага раёна Гродзенскага РУП “Фармацыя” Лідзія Баравік.
— Лідзія Віктараўна, ці дастаткова ў аптэцы лекавых сродкаў для прафілактыкі, лячэння грыпу і вострых вірусных інфекцый?
— Хвалявацца няма прычыны. Цяпер у аптэцы створаны неабходны запас супрацьвірусных і супрацьгрыпозных лекавых прэпаратаў, антыбіётыкаў, імунамадулятараў як айчыннай, так і імпартнай вытворчасці.
— У агульным аб’ёме продажаў які працэнт складаюць прэпараты айчыннай вытворчасці?
— У нашым тавараабароце яны складаюць 54,7 працэнта ад агульнага аб’ёму продажаў. Пры выкладцы сочым, каб айчынныя тавары заўсёды знаходзіліся ў полі зроку наведвальнікаў. Людзі, асабліва старэйшага ўзросту, ахвотна іх набываюць. Якасць беларускіх прэпаратаў пацверджана нарматыўнымі дакументамі.
— Сельскім жыхарам часта прыходзіцца звяртацца на фельчарска-акушэрскі пункт. Ці заўсёды там хапае лекавых сродкаў?
— На кожным фельчарска-акушэрскім пункце ёсць абавязковы пералік лекаў, але загадчык па меры неабходнасці можа зрабіць нам дадатковую заяўку, каб пашырыць асартымент медпрэпаратаў. Усяго ў Дзятлаўскім раёне функцыянуюць дваццаць тры дзяржаўныя кропкі рознічнай рэалізацыі лекавых сродкаў.
— Лідзія Віктараўна, нагадайце пра льготы, што прадугледжаны ў аптэчных установах.
— Тавары беларускіх прадпрыемстваў прадаюцца з 5-працэнтнай зніжкай (толькі ў цэнтральнай раённай аптэцы №55). Такая льгота прадугледжана, згодна з пералікам, для грамадзян пенсійнага ўзросту, інвалідаў, шматдзетных сем’яў, цяжарных жанчын.
— У сучасным грамадстве актыўна развіваюцца спосабы “зацікаўлення” пакупніка — акцыі, растэрміноўкі. А як вы працуеце ў гэтым маркетынгавым накірунку?
— У рамках праграмы лаяльнасці аптэкі Гродзенскага РУП “Фармацыя” прадастаўляюць трымальнікам “Моцнай карткі” зніжкі ў памеры 5% — на тавары айчыннай вытворчасці, 2% — на тавары імпартнай вытворчасці.
“Моцная картка” – гэта банкаўская плацежная картка, з дапамогай якой можна расплачвацца ва ўсіх магазінах, знімаць наяўныя грошы ў банкаматах і атрымліваць па ёй зніжкі ад розных прадпрыемстваў.
Зніжка па “Моцнай картцы” распаўсюджваецца на лекавыя, касметычныя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння, тавары аптэчнага асартыменту.
В. ЮШКЕВІЧ
Фота аўтара