21 кастрычніка ў г.п. Любча Навагрудскага раёна адбылося свята «Любчанскі шпацыр Радзівілаў», на якое сабраліся мясцовыя жыхары, а таксама юныя вандроўнікі з г. Мінска, якія ў гэты дзень завіталі на Навагрудчыну.
Напачатку мерапрыемства для ўсіх прысутных была арганізавана экскурсія. Любчанскі замак, або замак шляхцічаў Кішэк і магнатаў Радзівілаў, быў закладзены ў другой палове XVI стагоддзя на левым беразе Нёмана, недалёка ад паселішча Любча. Яго асаблівасцю з’яўляецца спляценне элементаў готыкі і рэнесансу. Да нашых дзён з чатырох баявых вежаў ацалелі толькі дзве. З 2003 года сіламі і сродкамі добраахвотнікаў пачалося аднаўленне Любчанскага замка. З гэтай мэтай быў створаны дабрачынны фонд. Работы па рэстаўрацыі абарончых умацаванняў і развіццю турызму ў рэгіёне працягваюцца.
На беразе Немана прысутных сустракала хлебасольная гаспадыня Альжбета, якая частавала ўсіх гасцей юшкай, зваранай тут жа на кастры. Тэатралізаванае прадстаўленне «Замак над Неманам» больш падрабязна пазнаёміў з гісторыяй Любчанскага замка.
Прыемныя ўражанні прысутным падарылі выступленні ўдзельнікаў аматарскай творчасці Любчанскага ГДК.
Народны ваенна-гістарычны клуб «Мэта» арганізаваў сярэднявяковыя гульні і стральбу з лука. Ладзіліся забавы для дзяцей і дарослых, быў арганізаваны святочны гандаль.
Дрэннае надвор’е ўнесла свае карэктывы ў праграму мерапрыемства і, але нягледзячы на гэта, прысутныя адпачылі і павесяліліся ад душы.
Новае жыццё