У Дзятлаўскім раёне ад грыпу прышчэплены ўжо больш за 20% насельніцтва. Кампанія імунізацыі супраць грыпу прадаўжаецца. Прышчэпку можна зрабіць у раённай паліклініцы або ў амбулаторыі па месцы жыхарства.
Мэта вакцынацыі – не поўная ліквідацыя грыпу як інфекцыі, а зніжэнне выпадкаў захворвання і, асабліва, яго ўскладненняў, колькасці абвастрэнняў сардэчна-сасудзістых, лёгачных захворванняў і іншай хранічнай паталогіі.
Вірусы грыпу муціруюць з года ў год, таму неабходна штогадовая вакцынацыя супраць грыпу, каб прадухіліць хваробу.
Наколькі надзейная абарона выпрацуецца пасля вакцынацыі, залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ўзросту і стану здароўя пацыента, індывідуальных асаблівасцяў яго арганізма, але ў сярэднім з сотні прышчэпленых 70-98 чалавек не захварэюць на грып. Калі ўсё ж чалавек, якому правялі вакцынацыю, і “загрыпуе”, то захворванне ў яго будзе працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў.
Вакцына супраць грыпу прызначана для абароны менавіта ад вірусаў грыпу, але ў той жа час прышчэпка ад грыпу дазваляе атрымаць яшчэ і перакрыжаваны імунітэт ад іншых вострых рэспіраторных інфекцый.
Вакцынацыя заўсёды была справай масавай, бо яна мае сэнс толькі тады, калі імунітэт супраць захворвання ёсць у большай часткі насельніцтва (калектыўны імунітэт). Такім чынам, узбуджальнік пазбаўляецца “асновы” для распаўсюджання.
Цяпер на Дзятлаўшчыне захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі знаходзіцца на ўзроўні, характэрным для дадзенага каляндарнага перыяду, вірусы грыпу не цыркулююць – эпідэмічная сітуацыя з’яўляецца спрыяльнай для правядзення прафілактычных прышчэпак супраць грыпу.
М. ДЗЯДОВІЧ,
доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ