У рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў шэрагу навучальных установаў Дзятлаўшчыны з вучнямі сустрэліся беларускі паэт, бард, пісьменнік з Гомеля Андрэй Мельнікаў і краязнаўца з Дзятлава Валерый Петрыкевіч. Госці пабылі ў Вензаўцы, Казлоўшчыне, Жукоўшчыне, у Дзятлаве сустракаліся з навучэнцамі сярэдніх школ №1 і №3. Сустрэча з гімназістамі адбылася ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, удзел у ёй таксама прыняў мастак Іван Козел.
Карэспандэнтка газеты «Перамога» пабыла на ўроку беларускай літаратуры ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава, які для навучэнцаў 8-9 класаў правялі госці.
Школькікаў і педагогаў павітаў В. Петрыкевіч. Валерый Міхайлавіч зазначыў, што сустрэча адбываецца ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, і зрабіў невялікі экскурс у гісторыю. Ён нагадаў, што 6 жніўня 1517 года палачанін Францыск Скарына выдаў у Празе першую беларускую кнігу — Псалтыр. Беларускі першадрукар быў адукаваным чалавекам — атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і ступень магістра медыцынскіх навук у Кракаўскім універсітэце, затым ступень доктара «лекарскіх навук» у Падуанскім універсітэце. Ён хацеў зрабіць адукаваным і свой народ, а таму вырашыў друкаваць кнігі на зразумелай беларускай мове. За два гады працы ў Празе надрукаваў 19 кніг тыражом звыш 10 тысяч экзэмпляраў. Каб напісаць столькі кніг, ста перапісчыкам спатрэбілася б 10 гадоў няспыннай працы. Мы павінны ганарыцца нашым земляком, бо беларуская друкаваная кніга з’явілася чацвёртай у свеце пасля друкаваных кніг на нямецкай, італьянскай і чэшскай мовах.
Імя Францыска Скарыны носіць Гомельскі ўніверсітэт, які скончыў беларускі бард і літаратар Андрэй Мельнікаў.
Ён прапанаваў навучэнцам паўдзельнічаць у літаратурна-гістарычнай віктарыне. За правільныя адказы ўдзельнікі атрымлівалі прызы — кнігі і дыскі беларускіх аўтараў і выканаўцаў. Андрэй Мельнікаў выканаў пад гітару некалькі песень на свае вершы і вершы іншых беларускіх паэтаў.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара