Мамы пра сваіх мам

Падзеі

Усё найлепшае ў жыцці чалавека — ад матулі. Гэта яна песціла, лашчыла нас, спявала калыханкі, абараняла ад бяды, давала мудрыя парады. У дзяцінстве матуліны словы прымаеш і запамінаеш, але іх глыбінны сэнс, іх стваральную сілу пачынаеш разумець значна пазней, калі становішся дарослай, калі нараджаюцца ўласныя дзеці. Цяпло таго нязгаснага агеньчыка, які ў тваім сэрцы запаліла маці, ты перадаеш ім.

Напярэдадні Дня маці карэспандэнтка газеты «Перамога» пацікавілася ў жанчын нашага раёна, якую жыццёвую мудрасць перадалі ім мамы, чаму навучылі.

Алена Жадзейка, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын»:

— Як цябе выхавалі, такім жыццё тваё і стане. Галоўны духоўны набытак мы атрымліваем у сям’і. Любіць людзей я навучылася ў матулі.

Перш за ўсё, кожнаму з нас, траіх дзяцей, разам з матуліным малаком перадаліся глыбокая павага адзін да аднаго і клапатлівая апека не толькі старэйшых над малодшымі, але і малодшых, калі старэйшым неабходна дапамога.

«Калі ў сям’і лад і ўзаемападтрымка, то і матэрыяльныя пытанні вырашаюцца, знаходзіцца выйсце са складаных сітуацый, — гаворыць мая матуля, — а калі непаразуменні паміж людзьмі, то і з пазалочанага посуду абедаць за стол разам не садзяцца. Не губляйце самага галоўнага ў жыцці — духоўнай сувязі з роднымі людзьмі. Не схіліцца перад цяжкасцямі, знайсці выйсце з сітуацыі заўсёды можна — галоўнае, каб ты не быў адзін».

Мама і цяпер з усіх сіл стараецца, каб ніхто не адчуваў сябе пакрыўджаным, абдзеленым яе ўвагай і клопатам, пяшчотай і дабрынёй, каб у шчаслівых ці горкіх эмацыянальных момантах мы заўсёды радаваліся разам і разам перажывалі. Калі здароўе дазваляе, стараецца быць з намі на ўсіх мерапрыемствах (у нас заўседы шмат нагодаў сабрацца разам), шые для нас пасцельную бялізну, вяжа.

«Як ты хочаш, каб да цябе ставіліся людзі, так і ты стаўся да людзей», — часта мы чулі гэтыя словы ў бацькоўскай хаце. Працуючы, не раз пераконвалася ў іх мудрасці. А яшчэ я адчула: дабро вяртаецца, аптымізм памнажае сілы, а цікавым ідэям уласціва набываць крылы.

Навучыла нас мамачка гасціннасці: «Госць — на парог, гаспадыня — за пірог! А калі няма пірагоў, то, як кажуць, чым багаты». А потым ужо іншым жаночым прамудрасцям вучыла: гаспадарыць у хаце і на агародзе, а больш за ўсё — у кветніку.

Усіх жанчын-маці віншую са святам, жадаю, каб Маці Божая сваім Пакровам захінала і абараняла вас і вашых дзетак ад бедаў і нягодаў, каб вы, паважаныя матулі, заўжды былі агорнуты любоўю блізкіх, каб вам не сніліся трывожныя сны, а дзеці ні ў чым не падводзілі, каб вы змаглі адкрыта прызнацца, што жывяце шчасліва на гэтай зямлі. Моцнага вам здароўя і даўгалецця.

 І. КАЎКЕЛЬ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *