Усё найлепшае ў жыцці чалавека — ад матулі. Гэта яна песціла, лашчыла нас, спявала калыханкі, абараняла ад бяды, давала мудрыя парады. У дзяцінстве матуліны словы прымаеш і запамінаеш, але іх глыбінны сэнс, іх стваральную сілу пачынаеш разумець значна пазней, калі становішся дарослай, калі нараджаюцца ўласныя дзеці. Цяпло таго нязгаснага агеньчыка, які ў тваім сэрцы запаліла маці, ты перадаеш ім.
Напярэдадні Дня маці карэспандэнтка газеты «Перамога» пацікавілася ў жанчын нашага раёна, якую жыццёвую мудрасць перадалі ім мамы, чаму навучылі.
Святлана Крэйдзіч, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку»:
— Мая матуля, Марыя Баляславаўна Касякова, наказвала нам з сястрою: «Як бы там ні было, вы павінны быць разам, дапамагаць адна адной». Цяпер гэтыя словы я кажу сваім дзецям, радуюся, што яны цэняць цяпло сямейных адносінаў. Я рана страціла матулю, але іду па жыцці з гэтымі словамі.
У свой час маму мне замяніла бабуля — Міхаліна Купрыянаўна Дзядовіч. Яна прывіла мне пачуццё адказнасці за свае ўчынкі. У жыцці гэта вельмі важна. Часам мы памыляемся, і трэба мець сілу прызнаць свае памылкі.
І. КАЎКЕЛЬ