Усё найлепшае ў жыцці чалавека — ад матулі. Гэта яна песціла, лашчыла нас, спявала калыханкі, абараняла ад бяды, давала мудрыя парады. У дзяцінстве матуліны словы прымаеш і запамінаеш, але іх глыбінны сэнс, іх стваральную сілу пачынаеш разумець значна пазней, калі становішся дарослай, калі нараджаюцца ўласныя дзеці. Цяпло таго нязгаснага агеньчыка, які ў тваім сэрцы запаліла маці, ты перадаеш ім.
Напярэдадні Дня маці карэспандэнтка газеты «Перамога» пацікавілася ў жанчын нашага раёна, якую жыццёвую мудрасць перадалі ім мамы, чаму навучылі.
Валянціна Аніскевіч, шматдзетная прыёмная мама з аграгарадка Гезгалы:
— Маёй матулі, Тамары Леанідаўны Грахоўскай, на жаль, ужо няма на свеце, але памяць аб ёй назаўжды застанецца ў маім сэрцы. Яна і цяпер нібыта побач са мной: дапамагае ў цяжкую хвіліну, радуецца поспехам унукаў.
З ранняга дзяцінства мама выхоўвала ў ва мне акуратнасць, спагадлівасць, справядлівасць. Мамачка заўжды вучыла мяне адносіцца да людзей так, як бы я хацела, каб адносіліся да мяне. Вучыла паважаць мужа, дапамагаць яму, быць адзін аднаму апорай, захоўваць цяпло сямейнага ачага, дапамагаць родным і блізкім.
І. КАЎКЕЛЬ