Часта, як даводзіцца праглядваць кіпу фатаздымкаў ці на стэндзе, ці ў сацыяльных сетках Інтэрнэта, прыгадваю тую выпадковую фатаграфію. На чорна-белай папяровай фотакартцы — вясковы мужчына сярэдняга веку. Апрануты ў штаны-галіфэ (значыць, фотакартка аднекуль з 70-х гадоў мінулага стагоддя), шапку-вушанку, з роварам і чамаданчыкам. Ці сустракае каго (можа, дачку, можа, сына) з далёкай дарогі, ці праводзіць іх у дарогу. Вельмі простая фатаграфія, без мастацкіх «наваротаў», а вось жа не забываецца.
Не забываецца таму, што на фота — важная ў жыцці людзей падзея: прыезд-ад’езд блізкага чалавека. І падзеяй, дарэчы, станавілася само фатаграфаванне. Нярэдка больш запамінальнай падзеяй, чым той прыезд-ад’езд.
«Я не забуду, вядома, вам дзякаваць за дасланыя фотапартрэты з мяне, поўныя жыцця і экспрэсіі». Гэта Марк Шагал (!) дзякуе гродзенскага фатографа Пятра Шумава.
А потым фатаграфія стала даступнаю для многіх, а яшчэ потым — для ўсіх. І ўжо ніхто і нікога не дзякуе за фотапартрэты. Няма за што. Зніклі «поўныя жыцця і экспрэсіі» фотапартрэты пад лавінаю непрафесійных і проста безгустоўных фотак. Растварыліся ў недасведчаным, але самаўпэўненым аматарстве.
Б. Варна