У сувязі з надыходам ацяпляльнага сезона і паніжэннем тэмпературы паветра ВУ «Слонімгаз» Дзятлаўскі раён газазабеспячэння просіць звярнуць увагу на стан газакарыстальнага абсталявання, газаправодаў, дымавых і вентыляцыйных каналаў.
Пра гэта неабходна памятаць заўсёды, і ўласнікі жылых памяшканняў абавязаны ўтрымліваць іх спраўнымі:
* нельга рабіць унутраныя сценкі коміна з цэглы;
* дымавыя каналы павінны быць устойлівымі да карозіі і кандэнсатаўтварэння, зроблены з негаручых матэрыялаў;
* у ніжняй частцы дымавых трубаў павінна быць прылада для прачысткі (прачысная кішэня, люк);
* тэмпература паверхні дымавой трубы не павінна перавышаць 45 градусаў (цеплаізалявана, каб пазбегнуць выпадзення кандэнсату);
* нельга выкарыстоўваць гафрыраваныя алюмініевыя паветраводы;
* кантралюйце перыядычнасць праверкі і аглядаў агалоўкаў дымавых трубаў у ацяпляльны перыяд, асабліва ў перыяды адліг і перападаў тэмператур.
Заўсёды варта памятаць, што перад пачаткам эксплуатацыі газавага прыбора абавязкова трэба пераканацца ў наяўнасці ўстойлівай цягі коміна і вентыляцыйнага канала і толькі пасля гэтага прыступаць да распальвання газакарыстальнага абсталявання.
Не забывайце, што ў час работы газавых прыбораў фортачка павінна быць увесь час адкрыта, дзверы ў жылыя памяшканні зачынены, неабходны пастаянны прыток свежага паветра для гарэння. Пры збоях у рабоце абсталявання неабходна неадкладна звярнуцца ў газазабяспечвальную арганізацыю для ўстанаўлення і ўхілення прычынаў няспраўнасці. Варта ведаць, што самастойны рамонт, як правіла, толькі пагаршае сітуацыю, і газавы прыбор можа стаць у далейшым непрыдатным для рамонту, а часта і небяспечным у эксплуатацыі.
Працаздольнасць эксплуатуемых газавых прыбораў напрамую залежыць ад самога карыстальніка. Гэта ўтрыманне іх у чысціні, своечасовае абслугоўванне і рамонт. Пры выкананні элементарных правілаў эксплуатацыі, а ўсе сучасныя газавыя прыборы маюць некалькі ступеняў абароны па аўтаматыцы бяспекі, яны не створаць праблемаў і адпрацуюць свой нарматыўны тэрмін. Тэрмін службы газавых прыбораў устанаўліваецца заводам вытворцам і ўказаны ў інструкцыі па эксплуатацыі, але не павінен перавышаць 20 гадоў. Пасля заканчэння нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі газавае абсталяванне падлягае абавязковай замене.
У адпаведнасці з пратаколам пасяджэння Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 2016 года №33/22 і Комплекснага плана мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі пры эксплуатацыі газавага абсталявання, дымавых і вентыляцыйных каналаў праводзіцца адключэнне ад газазабеспячэння жылых дамоў пры адсутнасці ў іх уласнікаў актаў праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў (або адсутнасці запісаў у журнале ўліку вынікаў паўторнай праверкі і прачысткі дымавых і вентыляцыйных каналаў навучанымі грамадзянамі), а таксама пры іх няспраўнасці.
Таксама папярэджваем, што ацяпляльнае і воданагравальнае газакарыстальнае абсталяванне падлягае штогадоваму абслугоўванню, а пры адмове ўласніка ад тэхнічнага абслугоўвання ці рамонту, а таксама пры самавольным умяшанні ў газавыя прыборы (зрыў ці пашкоджанне пломбы лічыльніка, замена, самастойны рамонт і перастаноўка) складаецца пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (ад 4 да 20 базавых велічыняў), а газавыя прыборы адключаюцца без папярэдняга паведамлення.
Паважаныя жыхары горада Дзятлава і Дзятлаўскага раёна, выконвайце патрабаванні ПРАВІЛАЎ КАРЫСТАННЯ ГАЗАМ У ПОБЫЦЕ. Памятайце, што адказнасць за парушэнне патрабаванняў бяспекі пры карыстанні бытавымі газавымі прыборамі і апаратамі ўскладаецца на ўласнікаў жылых памяшканняў.
Пры выяўленні паху газу ў памяшканнях выклікайце аварыйную службу па тэлефоне 104.
Адміністрацыя Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння