Электрычнасць памылак не даруе

Да ведама грамадзян

Дзятлаўская раённая энергаінспекцыя абследавала домаўладанні жыхароў раёна. У кожным трэцім выпадку былі выяўлены наступныя парушэнні правілаў устройстваў электраўстановак: мантаж электраправодкі ў доме выкананы провадам у адзінарнай ізаляцыі па драўляных ці іншых згаральных асновах; электраправодка пафарбавана; мантаж электраправодкі ад дома да гаспадарчых пабудоваў выкананы правадамі без мацавання іх да металічных тросаў на вышыні менш за 3,5 метра ад зямлі. У некаторых дамах сустракаюцца факты прымянення “жучкоў” замест адкалібраваных плаўкіх уставак засцерагальнікаў. Адсутнасць калібраваных засцерагальнікаў можа прывесці да заўчаснага зносу ізаляцыі правадоў або нават да пажару.

Праверкі паказалі, што ёсць парушэнні пры падключэнні пральных машын, электраводанагравальнікаў і вадзяных электрапомпаў. Напрыклад, некаторыя пральныя машыны падключаны да электрасеткі з дапамогай самаробных падаўжальнікаў, не разлічаных на адпаведную нагрузку; пры падключэнні паглыбных электрапомпаў калодзежаў электраправодка пракладвалася па агароджах або па зямлі без аховы ад механічных пашкоджанняў.

Каб захаваць сваё жыццё і здароўе, неабходна выконваць правілы электрабяспекі: нельга рамантаваць электраабсталяванне пад напружаннем, самастойна рамантаваць электраўстаноўкі, не маючы адпаведнай падрыхтоўкі; падключаць складаную бытавую тэхніку павінен толькі спецыяліст; нельга карыстацца электрычнымі апаратамі і ўстройствамі “кустарнага” вырабу.

Найбольш эфектыўным сродкам абароны ад паражэння электрычным токам з’яўляецца ўстройства ахоўнага адключэння. Яго неабходна ўстанаўліваць для абароны электраабсталявання і абароны ад паражэння электрычным токам для ўстановак памяшканняў з павышанай небяспекай і асабліва небяспечных памяшканняў (ванных пакояў, кухняў, хлявоў, вонкавых электраўстановак).

В. КАСЦЮКЕВІЧ,
дзяржаўны інспектар па энерганаглядзе



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *