Казлоўшчынскі Fest-кірмаш “Гарбузовы рай” адбыўся 7 кастрычніка ў чарадзе святаў раённага праекта “Дбайных гаспадароў славім – весела час бавім”.
Арганізатары свята, “карыстаючыся выпадкам”, вядома ж, пастараліся забяспечыць гасцей рознапланавай інфармацыяй пра такі недаацэнены пакуль беларускі гарбуз. І хоць ярка-аранжавы агародны цуд – ураджэнец заакіянскай Паўднёвай Амерыка, за некалькі стагоддзяў ён добра-такі прыжыўся ў еўрапейскай Беларусі.
А першы ўпамінак гарбуза датуецца больш чым пяцітысячнай даўнінай. “Прыручылі” плод Сucurbitа (лацінская назва гарбуза) індзейцы. З саладкаватай мякаці гатавалі стравы, з семак выціскалі алей, а з рэшты – цвёрдай скуркі – выраблялі посуд. Пазней хто-ніхто пачаў ладзіць са скуркі нават карэты для выезду на баль.
Да Беларусі гарбуз даехаў дзесьці ў 16 стагоддзі. Рассмакаваўшы аранжавы плод, дапытлівыя людзі выявілі яго надзвычайную карысць. Мякаць гарбуза багатая на вітаміны E, A, C, D, F, PP, T, B, утрымлівае мікра- і макраэлементы (магній, калій, жалеза, кальцый), бялкі. Шчолачавыя рэчывы гарбуза нейтралізуюць павышаную кіслотнасць страўніка і дапамагаюць лячыць дыябет, падагру, жоўцекамянёвую хваробу, атэрасклероз, туберкулёз. А яшчэ гарбуз спрыяе сэрцу, ныркам, паскарае абмен рэчываў у арганізме, выводзіць “кепскі” халестырын, амалоджвае скуру. Гарбузовыя семкі багатыя на цынк і карысныя для мужчын і жанчын. Адным словам, спажывайце, людзі, гарбузы – і будзеце здаровыя! Прынамсі, станеце здаравейшыя.
“Нагляднымі дапаможнікамі” для засваення тэксту сталі рознакаляровыя і рознасартавыя гарбузы, якімі арганізатары аздобілі галоўную пляцоўку свята. Кругліліся спелымі бакамі тут і паласатыя “беларускія”, і “аранжавыя”, і “шэрыя” (ці то волжскія, ці то астраханскія), і куставыя зялёныя. А лідзіравалі плады з асабістага агароду старшыні Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзіма Бяляткі.
Мясцовыя артысты з ліку работнікаў культуры аздобілі сябе ў тэму – гарбузова-восеньскую. Для публікі спявалі Марына Герасімовіч, Марына Міхалоўская, Наталля Каўцэвіч, Людміла і Аляксандр Баклушыны, Марына Варган, Ірына Бакшук, Таццяна Дудкіна, Аліна Цярэшка, Аляксандр Раеўскі. Танцавальны гурт школьнікаў пад кіраўніцтвам Людмілы Гільвін прадставіў тэматычную харэаграфічную кампазіцыю.
Традыцыйна святы з серыі раённага праекта “Дбайных гаспадароў славім – весела час бавім”, які летась дэбютаваў у Дзятлаўскім раёне, а сёлета элементы яго тэматыкі “прыжыліся” на святах у аграгарадках іншых раёнаў Гродзеншчыны, не абыходзяцца без сельскай вясёлай эстафеты. За серыю святочных тураў вызначыўся і фаварыт гэтых стартаў – спрытная і знаходлівая каманда КСУП “Войневічы”. Калі на эстафету прыязджаюць “Войневічы”, шанцы у сапернікаў відавочна ўбываюць. У Казлоўшчыне “пальчатку” выкліку фаварыту кінула каманда мясцовага ўчастка жылкамунгаса. Камунальнікі з першага конкурсу – паядынку капітанаў – захапілі лідарства. Наступныя конкурсы з гарбузовай тэматыкай праходзілі з пераменным поспехам, аднак хлопцы-камунальнікі агульнае лідарства з рук не выпускалі і фінішавалі першыя. Але! Прынцыповае журы эстафеты пад кіраўніцтвам Вадзіма Бяляткі налічыла камандам КСУП “Войневічы” і “Слава працы” бонусы за ўдзел у эстафеце дзяўчат і… пазбавіла чыста мужчынскую каманду камунальнікаў фінішнага лідарства. Без пяці хвілін чэмпіёны – аддадзім ім належнае – прынялі ўдар лёсу мужна і выявілі сябе ў канфліктнай сітуацыі джэнтльменамі: судзейскае рашэнне не апратэставалі. Казлоўшчына павінна ведаць імёны сваіх герояў: Дзмітрый Татарчык (капітан), Аляксандр Кузьміч, Сяргей Гушча, Фёдар Грышук, Мікалай Шалесны.
Такім чынам пераможцам вясёлай эстафеты ў чарговы раз стала зладжаная каманда КСУП “Войневічы”: Дзмітрый Бяляўскі (капітан), Соф’я Чарвякова, Дзяніс Скрундзь, Вераніка Белуш, Аляксандр Курман. Пры ўдзеле талісмана каманды Вольгі Лахач, якая, па-сумяшчальніцтву, яшчэ і намеснік дырэктара КСУП “Войневічы”.
Надвор’е на свяце выдалася не сказаць, каб святочнае: ветранае і халаднаватае. І вельмі дарэчы аказалася гатаваная тут жа юшка з пажыўнай кашай. Частаваліся ўсе, хто жадалі, з аплатай валютаю пад назваю “Дзякую”. Доўжыўся канцэрт. Затым арганізатары запрасілі на вячэрнюю дыскатэку.
Я вам так-к-к-кое пра гарбузоў раскажу…
Вясёлая эстафета стартавала. Хакей і ўсё-такое…
Такое абавязкова павінна застацца ў гісторыі. Фіксуем…
Ну дзе ў яго талія, каб хоць як прычапіць спадніцу?..
Вось што, што можна даручыць гэтым жанчынам? Апранула называецца… -).
Эмоцыі без каментарыяў…
Хай сабе не Гучы, але ж як усё ладна, калі апранаць бяруцца мужчыны!
Зайздросце, дзяўчаткі!
Фініш. Камунальнікі — трэція. Але героі дня ў Казлоўшчыне.
Капітан каманды КСУП «Слава працы» атрымлівае «сярэбраны» дыплом.
Чэмпіён вясёлай эстафеты каманда КСУП «Войневічы».
Доўжыцца канцэрт.
Вось-вось даспее юшка. Смаката ж, га?!.
Трэніроўка будучых чэмпіёнаў.
З кірмашу — дахаты.
Б. Варна