Алег Шафранскі: Настаў час удасканаліць сістэму ЖКГ

Падзеі

– Жыхары вобласці забяспечаны ўсімі неабходнымі камунальнымі паслугамі, але прыйшоў час удасканаліць саму сістэму, павысіць якасць паслуг, зменшыць затраты. Што тычыцца пераводу кацельных на мясцовыя віды паліва, то гэта задача ў вобласці ўжо вырашаецца. Спрыяе ёй і тое, што сабекошт цеплавой энергіі ад спальвання мясцовага паліва, а менавіта драўнянай шчапы, меншы, чым ад спальвання імпартнага газу, – адзначыў генеральны дырэктар аб’яднання ЖКГ Гродзенскай вобласці Алег Шафранскі на семінары-практыкуме для рэдактараў і журналістаў раённых газет, які праходзіў у рамках інавацыйнага медыйнага кластэра ў рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда” і назваў лічбы: 88 рублёў — сабекошт гігакалорыі пры спальванні газу, 73,9 рубля — пры спальванні шчапы.

На семінары былі закрануты і тэмы раздзельнага збору другаснай сыравіны, эксплуатацыі станцый дасартавання бытавых адходаў.

Прысутныя на семінары-практыкуме мелі магчымасць задаць пытанні і абмеркаваць з кіраўніком абласнога ЖКГ шляхі вырашэння шэрагу задач, пастаўленых на нядаўнім рэспубліканскім семінары па ўдасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны. Інфармаваць насельніцтва пра важныя аспекты работы камунальнай гаспадаркі, выходзіць на адкрыты дыялог са спажыўцамі камунальных паслуг – такое пажаданне прагучала журналістам ад кіраўніка абласнога аб’яднання ЖКГ.

З аналізам асвятлення ў абласным друку тэмы ЖКГ выступіла загадчыца кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат філалагічных навук Іна Мінчук. На прыкладзе публікацый у друку яна распявала пра жанравыя асаблівасці падачы матэрыялаў, іх тэматычную разнастайнасць.

Найбольш эфектыўныя спосабы асвятлення ў СМІ раздзельнага збору камунальных адходаў назвала ў сваім выступленнінамеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы кандыдат філалагічных навук Ірына Герасімчык. На яе думку, трэба ўсімі магчымымі спосабамі праз сродкі інфармацыі даводзіць да насельніцтва, што бытавыя адходы могуць быць і з’яўляюцца не толькі смеццем, але і другаснай сыравінай для прамысловай перапрацоўкі.

Пасля дыскусіі ўдзельнікі семінару-практыкума прыйшлі да высновы, што тэма ЖКГ – з самых запатрабаваных на старонках друку ў цяперашні час.

У рабоце семінара-практыкума, акрамя ўжо названых асоб, удзельнічалі начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Алена Каспяровіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Сяргей Шумейка.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *