«Ад карнага ўхілу да прафілактыкі» — Лукашэнка падпісаў указ аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці

Улада

Умяшанне кантралёраў у гаспадарчую дзейнасць суб’ектаў прадпрымальніцтва мінімізуецца ў Беларусі. На гэта накіраваны ўказ нумар 376 «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці», які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 кастрычніка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Прадугледжваецца зрушэнне акцэнту ў дзейнасці кантралёраў на прафілактычную работу, пашырэнне прымянення замест праверак мерапрыемстваў тэхнічнага (тэхналагічнага, паверачнага) характару, па выніках якіх меры адказнасці прымяняцца не будуць, калі суб’ект ліквідуе выяўленыя парушэнні.

Адыход ад планавых праверак

У дакуменце закладзены адыход ад сістэмы планавых праверак, у рамках якой наведаць суб’ект гаспадарання можна нават пры адсутнасці парушэнняў з яго боку або без іншых важкіх прычын. Замест планавых прапануецца ажыццяўляць выбарачныя праверкі, правядзенне якіх у адносінах да прадпрыемства магчыма толькі пры наяўнасці комплексу падстаў. Напрыклад, выяўленне неаднаразовых парушэнняў, вынікі аналізу чэк-ліста.

Скарачаюцца падставы для назначэння пазапланавых праверак. Пры гэтым у час пазапланавай праверкі падлягаюць вывучэнню толькі выяўленыя ў адносінах да канкрэтных правяраемых суб’ектаў факты і абставіны, якія паслужылі прычынай для назначэння гэтай пазапланавай праверкі.

Выключаецца магчымасць даваць даручэнні на правядзенне праверкі па матэрыялах, што знаходзяцца ў вядзенні па справах у праваахоўных органах. Праверкі будуць праводзіцца толькі па ўзбуджанай крымінальнай справе.

Без прыпынення дзейнасці

Таксама выключаецца магчымасць вынясення кантралёрам прадпісання аб прыпыненні дзейнасці правяраемага суб’екта, яго цэхаў, абсталявання, вытворчасці. Прыпыняць сваю дзейнасць ці не, будзе вырашаць выключна кіраўнік прадпрыемства на падставе рэкамендацый правяраючых. Але пры гэтым за свае дзеянні, звязаныя з устараненнем выяўленых парушэнняў, кіраўнік будзе несці ўсю паўнату адказнасці (аж да крымінальнай).

Адміністрацыйная адказнасць кантралёраў

Устанаўліваецца адміністрацыйная адказнасць кантралёраў за ўчыненне грубых парушэнняў пры правядзенні праверак (неўнясенне запісу аб правядзенні праверкі ў кнігу ўліку праверак, адсутнасць падстаў для правядзення праверкі і іншае). За ўчыненне такіх дзеянняў прадугледжваецца накладанне на службовую асобу кантралюючага (нагляднага) органа штрафу да 30 базавых велічынь.

Стварэнне міжведамаснага савета

Пры Камітэце дзяржаўнага кантролю прадугледжваецца стварэнне Міжведамаснага савета па кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, асноўнай задачай якога будзе аналіз стану кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў рэспубліцы. Пры выяўленні негатыўных тэндэнцый у рабоце кантралюючых органаў Міжведамасны савет будзе ўпаўнаважаны выносіць рэкамендацыі аб устараненні парушэнняў. У выпадку, калі гэтыя рэкамендацыі не будуць выкананы кантралюючымі органамі, адпаведная інфармацыя будзе даводзіцца да ведама ўрада і кіраўніка дзяржавы.

Рэформа сістэмы ведамаснага кантролю

Рэфармуецца сістэма ведамаснага кантролю з пераарыентацыяй гэтых службаў на правядзенне аналізу (аўдыту) і прыняцце мер па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў. Па сутнасці, гэтыя службы стануць для дзяржаўных органаў, уключаючы выканкамы, інструментамі рэалізацыі паўнамоцтваў уласніка для забеспячэння эфектыўнасці работы падпарадкаваных арганізацый.

Скарачэнне ў два разы колькасці сфер кантрольнай дзейнасці

Будзе таксама аптымізаваны пералік кантралюючых (наглядных) органаў і сфер іх дзейнасці, у выніку чаго паўнамоцтвы на правядзенне праверак страціць трэць кантралёраў, а колькасць сфер кантрольнай (нагляднай) дзейнасці скароціцца амаль у два разы.

Рэалізацыя ўсіх адпаведных палажэнняў дасць магчымасць выбудаваць больш рацыянальную сістэму дзяржаўнага кантролю, павысіць празрыстасць дзейнасці кантралюючых (наглядных) органаў, выключыць залішняе, не абгрунтаванае аб’ектыўнымі прычынамі абцяжаранне суб’ектаў гаспадарання праверачнымі мерапрыемствамі.

Як паведамлялася, прымаючы 22 верасня з дакладам па праекце ўказа старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў адысці ад практыкі неабгрунтаваных праверак бізнесменаў. «Мы абмяркоўвалі і дамаўляліся, што пяройдзем ад карнага ўхілу нашай кантрольнай дзейнасці на прафілактычную работу. Мы зробім асноўны акцэнт на прафілактыцы правапарушэнняў, адыдзем ад планавых праверак, перанясём акцэнт на выбарачныя праверкі. Я заўсёды гэта патрабаваў: правярайце каго хочаце, але ў вас павінны быць падставы, канкрэтныя прычыны таго, што вы прыйшлі на прадпрыемства, да бізнесмена, фізічнай або юрыдычнай асобы. І калі такія падставы ёсць — калі ласка, ідзіце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *