У рамках выканання плана мерапрыемстваў акцыі “За бяспеку разам” 16 кастрычніка ў будынку Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта прайшоў навучальны семінар суб’ектаў прафілактыкі раёна і членаў назіральных камісій па вывучэнні методыкі абследавання жылога сектара і прадухіленні правапарушэнняў.
З уступным словам перад прысутнымі выступіў старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС С. Кухарчык. У сваім выступленні ён нагадаў задачы і мэты акцыі, а таксама выказаў словы ўдзячнасці ўсім прысутным у дасягненні вынікаў работы ў прафілактыцы бяспечных умоваў жыццядзейнасці насельніцтва.
Па пытаннях забеспячэння пажарнай бяспекі ў раёне выступіў інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Д. Бобін. Асаблівае значэнне ў рабоце па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх мае правядзенне абследаванняў у ведамасным жыллёвым фондзе і ўзаемадзеянне з іншымі суб’ектамі прафілактыкі, таму гэтаму пытанню была нададзена асаблівая ўвага. Былі даведзены і патрабаванні нормаў пажарнай бяспекі ў жылым сектары.
Аб мерах бяспекі пры карыстанні электрычнасцю і электрапрыборамі ў дамах паведаміў інжынер Дзятлаўскага РЭС В. Грышук. Пра бяспеку пры карыстанні газам распавёў М. Дораш. Аб рабоце з састарэлымі грамадзянамі па дадзенай тэме паведаміла загадчыца цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Н. Ціхан. Прадстаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама І. Орсік адзначыла моманты, на якія трэба звяртаць увагу пры абследаванні дамоў, дзе жывуць непаўналетнія, асабліва тыя, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Сумеснае мерапрыемства дазволіла не толькі вывучыць і абмеркаваць існуючыя праблемы, але і адразу ж абмеркаваць прыярытэтныя напрамкі работы ў будучым.
Т. ГРЫЦУК