Рэспубліканскі моладзевы конкурс «100 ідэй для Беларусі» стартуе ва ўсіх рэгіёнах краіны. У Год навукі колькасць намінацый узрасла з 10 да 20. Намінацыі тычацца медыцыны, фарм- і біятэхналогій, энергетыкі і энергаэфектыўнасці, атамнай энергетыкі, іншых важных для эканомікі сфер. Да ўдзелу ў новым сезоне конкурсу запрашаюцца маладыя людзі, калектывы аўтараў ва ўзросце ад 14 да 31 года, а таксама маладыя навукоўцы да 35 гадоў.
Новы сезон конкурсу «100 ідэй для Беларусі» пройдзе ў тры этапы. Першы — прыём заявак на месцах. На Дзятлаўшчыне ён прадоўжыцца да 8 лістапада. Калі ў вас ёсць цікавыя праекты ў заяўленых намінацыях (знайсці пералік можна на сайце конкурсу), у тым ліку школьныя, звяртайцеся ў раённы камітэт ГА «БРСМ».
Другі этап — абласны. Фінальным этапам стане штогадовая моладзевая выстава-прэзентацыя лепшых інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных ідэй у фармаце шоу тэхналогій. З гэтага года ў конкурсе на агульных умовах змогуць прыняць удзел людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Заяўкі на ўдзел таксама можна падаваць (праз запаўненне анлайн-заяўкі) на сайце конкурсу 100ideas.by. У банку ідэй тут плануюць размясціць усе заяўленыя праекты. Іх можна будзе знайсці таксама ў групах конкурсу «100 ідэй для Беларусі» ў соцсетках.
Пераможцы атрымаюць пуцёўкі на ўдзел у міжнародным моладзевым конкурсе дзяржаў-удзельніц СНД «100 ідэй для СНД-2018», правядзенне якога запланавана ў Мінску. Школьнікаў, навучэнцаў прафесійных каледжаў, ліцэяў дадаткова падтрымаюць рэкамендацыямі ЦК ГА «БРСМ» для паступлення ў ВНУ на спецыяльнасці па профілі іх конкурснага праекта. Студэнты атрымаюць запрашэнне прайсці школу «Малады навуковец пад ключ» пры Нацыянальнай акадэміі навук. Акрамя таго, усе фіналісты «100 ідэй для Беларусі» адначасова прымуць удзел у рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. Для далейшага ўдзелу ў ім 10 аўтараў праектаў-пераможцаў гарантавана атрымаюць гранты да 40 тарыфных ставак на распрацоўку бізнэс-планаў.
К. ХІЛІМОНЧЫК,
першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ»