«Залаты ўзрост»: у актавай зале сярэдняй школы №3 горада Дзятлава віншаванні прымалі педагогі-ветэраны

Падзеі

На Дзятлаўшчыне стала традыцыяй напярэдані Дня пажылых людзей і Дня настаўніка ўшаноўваць ветэранаў педагагічнай працы. Не стаў выключэннем і 2017 год. У актавай зале сярэдняй школы №3 горада Дзятлава віншаванні прымалі педагогі-ветэраны.

Першай слова ўзяла Р. А. Ганчарэвіч, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы. Раіса Аляксандраўна зазначыла, што за год ветэранская арганізацыя значна ўзбагацілася набыткамі сваіх удзельнікаў. Ганаровае званне «Выдатнік адукацыі» атрымала Ірына Уладзіміраўна Дарафейчык. Імя Ганны Станіславаўны Урбановіч занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна, яна адзначана Ганаровымі граматамі абласнога ўпраўлення адукацыі і раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за падрыхтоўку вучняў да рэспубліканскай алімпіяды. Па выніках 2016 года работа пярвічнай арганізацыі ГА «БСЖ» Дварэцкага сельвыканкама, старшынёй якой з’яўляецца Ганна Іванаўна Мікшут, прызнана лепшай у рэспубліцы. Імёны Яўгеніі Рыгораўны Савань і Марыі Антонаўны Даўгач унесены ў віртуальны музей рэспубліканскага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. С. Белаус падзякавала педагогам-ветэранам за шматгадовую працу, за іх вучняў, якія цяпер праслаўляюць Дзятлаўшчыну, пажадала даўгалецця, актыўнай жыццёвай пазіцыі, дабрабыту, міру. Яна ўручыла Падзячнае пісьмо раённага Савета дэпутатаў Р. К. Баравіку, Падзячныя пісьмы Дзятлаўскага райвыканкама — М. І. Лук’янчыку, Л. М. Курто, граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама — Л. М. Лапата, Г. І. Лішык, С. Л. Жых, Л. В. Саванец, Г. І. Мілейка.

Да віншаванняў далучыліся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў А. Д. Сатараў, старшыня раённага савета ветэранаў Л. Ю. Кашко, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С. Б. Фабішэўскі, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» А. І. Жадзейка. Яны ўручылі граматы заслужаным і актыўным настаўнікам-пенсіянерам.

Свята прадоўжыла традыцыйнае віншаванне юбіляраў, якія сёлета адсвяткавалі свае 90, 80, 70, 60 дні нараджэння. Яны атрымалі падарункі ад спонсараў сустрэчы і паўдзельнічалі ў бліц-апытанні: узгадалі гады работы ў школе, сваіх вучняў, расказалі аб адносінах да прафесіі педагога, далі парады маладым настаўнікам.

Станоўчыя эмоцыі і добры настрой сваімі песнямі прысутным дарылі педагогі і навучэнцы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. Ад іх пастараліся не адстаць, падбадзёрылі былых калег вершамі, песнямі, цёплымі словамі і самі педагогі-ветэраны. Вершы ўласнага сачынення прачыталі Г. М. Шундрык, Р. У. Лакіза, Н. Л. Шарапава. З заклікам шанаваць родную мову і духоўную спадчыну да прысутных звярнуўся В. М. Петрыкевіч. Задушэўныя песні праспявала М. С. Сербін.

Напрыканцы сустрэчы педагогаў-ветэранаў павіншавала намеснік старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы галіны Я. Р. Савань і ўручыла падарункі настаўнікам-пенсіянерам ад удзячных вучняў і ветэранскай арганізацыі.

І. Каўкель



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *