«Залаты ўзрост»: сустрэліся ветэраны працы сельскагаспадарчай галіны

Падзеі

Напярэдадні Дня пажылых людзей адбылося ўшанаванне ветэранаў працы — былых кіраўнікоў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Дзятлаўшчыны. Другі год запар святочную сустрэчу для іх ладзяць раённы выканаўчы камітэт і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Гасцей павіталі, пацікавіліся пра жыццё і настрой старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік і старшыня райкама галіновага прафсаюза Уладзімір Казак. На некалькі хвілін затрымаліся для калектыўнага фотаздымка — і накіраваліся ў ААТ «Граніт-Агра», якое сёлета было выбрана пляцоўкай для сустрэчы.

Дырэктар гаспадаркі Станіслаў Мазур запрасіў шаноўных гасцей на невялікую экскурсію па адміністрацыйным будынку, расказаў ім аб працоўных поспехах сельгаспрадпрыемства:

— «Граніт-Агра» — вялікая гаспадарка: 8640 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 7123 гектары — ворыва, дойны статак складае 1765 галоў, усяго буйной рагатай жывёлы — 4491 галава, свіней — 17222. Цяпер у ААТ «Граніт-Агра» працуюць 446 чалавек. Сёлета гаспадарка намалаціла амаль 14 тысяч тон каласавых і зерене-бабовых, ураджайнасць склала 43,7 цэнтнера з гектара. Валавы збор рапсу — 2030 тон. Яшчэ разлічваем намалаціць 3,5 тысячы тон кукурузы — і зерне-фуражом будзем забяспечаны. Травяністых кармоў нарыхтавалі 108% да плана, сенажу — каля 17 тысяч тон, ідзе нарыхтоўка сіласу, якога плануем закласці 19 тысяч тон. Завяршаем палявыя работы.

Затым удзельнікі сустрэчы наведалі Круцілавіцкі дзіцячы сад-сярэднюю школу. Дырэктар установы Сяргей Гузоўскі і кіраўнік школьнага музея Сяргей Каско прапанавалі гасцям экскурсію ў музей, адна з экспазіцый якога — «Працаўнікам вёскі — слава» — адлюстроўвае гісторыю мясцовай сельгасвытворчасці. Тут сабраны матэрыялы аб вытворчых працэсах розных гадоў, людзях, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё галіны — жывёлаводах, механізатарах, паляводах, кіраўніках сельгаспрадпрыемстваў, якія раней знаходзіліся на тэрыторыі сучаснага ААТ «Граніт-Агра».

Напрыканцы экскурсіі кіраўнік школьнага музея Сяргей Каско ўручыў Веры Калач, заслужанай работніцы сельскай гаспадаркі, былому галоўнаму аграному калгаса «Беларусь», былому старшыні калгаса «Чырвоны кастрычнік», памятны знак «За значны ўклад у развіццё сельгасвытворчасці». Падобныя ўзнагароды ў час адкрыцця музейнай экспазіцыі былі ўручаны яшчэ шэрагу мясцовых перадавікоў вытворчасці.

Удзельнікі сустрэчы таксама наведалі мехдвор ААТ «Граніт-Агра», мелі магчымасць пагутарыць і ўзгадаць мінулае. На развітанне кожны ветэран працы атрымаў памятны падарунак.

І. Каўкель

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *