Зачэпічы: свята паэзіі і вуліца ў гонар Петруся Граніта

Падзеі

23 верасня ў вёсцы Зачэпічы і аграгарадку Жукоўшчына прайшло абласное свята беларускай паэзіі, прысвечанае 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і памяці заходнебеларускіх паэтаў Дзятлаўшчыны — Нікіфара Жальбы, Гарасіма Праменя, Васіля Струменя, Петруся Граніта, Сяргея Хмары, Ігната Дварчаніна.

Удзел у сустрэчы прымалі прадстаўнікі мясцовай улады, краязнаўцы, паэты Дзятлаўшчыны, работнікі бібліятэкі, педагогі, навучэнцы, вяскоўцы. З нагоды свята ў наш раён завіталі беларускія паэты, пісьменнікі, журналісты, выканаўцы песень на словы беларускіх аўтараў: В. Дубатоўка, С. Чыгрын, М. Канановіч, М. Скобла, В. Сазонаў, С. Чарняк, У. Хільмановіч, Я. Трацяк, З. Бартосік, С. Суднік.

Спачатку ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся на вясковыя могілкі, каб ускласці кветкі на магілы пахаваных тут паэтаў — Гарасіма Праменя і Петруся Граніта.

Затым каля памятнага знака, які знаходзіцца ў цэнтры Зачэпічаў, пачаўся мітынг памяці.

Першым прысутных павітаў адзін з арганізатараў свята, краязнаўца, жыхар горада Дзятлава В. Петрыкевіч.

Старшыня Жукоўшчынскага сельскага савета В. Верамейчык зазначыў, што народ жыве да той пары, пакуль памятае сваіх продкаў, а Зачэпічы — гэта «гняздо паэтаў», якія пісалі тут свае творы. Так склалася, што вуліца паселішча не мела назвы. Таму было прынята рашэнне назваць яе іменем Петруся Граніта. Памятная таблічка цяпер будзе ўстаноўлена на доме, дзе ён жыў.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н. Калодка расказала, што ў нашай краіне вялікая ўвага надаецца захаванню духоўнай спадчыны. Мінулы год у Беларусі быў Годам культуры, гэты — Год навукі і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, што цесна звязана з кнігай. На Дзятлаўшчыне ганарацца вядомымі землякамі. Важна, што такія сустрэчы праходзяць. Прыемна, што сёння сярод прысутных на свяце ёсць дзеці. Значыць, спадчына будзе захавана. Н. Калодка пажадала прысутным прыемнага свята і выказала спадзяванне, што і надалей будуць ладзіцца падобныя сустрэчы.

Шмат добрых словаў на адрас Дзятлаўскай зямлі, яе жыхароў, паэтаў прагучала ад гасцей свята. Яны чыталі свае вершы, творы іншых беларускіх аўтараў, пад гітару выканалі некалькі добра вядомых беларускіх песень, спявалі і новыя.

Вершы класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа, а таксама мясцовых паэтаў П. Граніта, В. Струменя прачыталі навучэнцы Жукоўшчынскага сада-школы, сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.

Свята прадоўжылася ў Жукоўшчынскім доме культуры. Зноў гучалі вершы і песні. Беларускія літаратары падзякавалі юным чытачам вершаў за іх старанне і падарылі кнігі.

І. КАЎКЕЛЬ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *