Штогод у нашай краіне людзі гінуць ад уздзеяння электрычнага току: падымаюцца на апоры ліній электраперадачы, заходзяць у размеркавальныя ўстройствы электраўстановак, самавольна падключаюць электраўстаноўкі да электрасеткі на вытворчасці і ў быце з грубымі парушэннямі.
Так, 25 ліпеня гэтага года ў горадзе Гомелі пры выкананні будаўнічых работ мужчына, знаходзячыся ля аўтамабільнага крана, трапіў пад напружанне і быў смяротна траўмаваны электрычным токам, калі машыніст наблізіў стралу крана на недапушчальную адлегласць да ПЛ-10 кВ.
19 жніўня ў горадзе Наваполацку Віцебскай вобласці на беразе ракі Заходняя Дзвіна кампанія маладых людзей распівала спіртныя напоі. Адзін з іх падняўся на металічную апору ПЛ-110 кВ, якая праходзіла блізка ля ракі, наблізіўся на недапушчальную адлегласць да провада і загінуў.
26 жніўня ў горадзе Чачэрску Гомельскай вобласці ад паражэння электрычным токам пры карыстанні пральнай машынай загінула жанчына.
Памятайце, што электрычнасць не даруе памылак і нядбайнасці, абыходзіцца з ёй трэба вельмі асцярожна, выконваючы ўсе меры электрабяспекі.
В. КЕЦЬ,
начальнік Дзятлаўскай энергаінспекцыі