У Дзятлаўскім раёне 21 верасня прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігарам Жуком сустрэлася з калектывам работнікаў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы і работнікамі сацыяльнай сферы раёна. У час сустрэч былі абмеркаваны актуальныя пытанні дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь, стан і прычыны вытворчага траўматызму, выкананне заканадаўства аб ахове працы.
У сваім выступленні Ігар Жук таксама засяродзіў увагу прысутных на актуальных пытаннях інфармацыйнага забеспячэння развіцця прыватнага бізнэсу, падтрымкі прадпрымальніцкай ініцыятывы, прыцягнення інвестыцый. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што пакуль доля прыватнага бізнэсу ў даходнай частцы бюджэта вобласці невялікая ў параўнанні з развітымі еўрапейскімі краінамі. Нам ёсць куды імкнуцца ў гэтым плане.
Не менш актуальнымі для грамадства Ігар Жук лічыць пытанні інфармацыйнай бяспекі. Сацыяльныя інстытуты прызваны ў супрацоўніцтве з бацькамі паклапаціцца і забяспечыць бяспечную інфармацыйную прастору ў першую чаргу для падрастаючага пакалення. Трэба сумеснымі намаганнямі абараніць нашых дзяцей ад разбуральнага ўплыву дэструктыўных інфармацыйных рэсурсаў.
І. Каўкель
Фота аўтара