Сустрэча пакаленняў — «15 гадоў разам!»

Падзеі

6 верасня споўнілася 15 гадоў з дня правядзення аб’ядноўваючага з’езда БПСМ і БСМ, на якім было прынята рашэнне аб аб’яднанні дзвюх буйнейшых моладзевых арганізацый Рэспублікі Беларусь у адзіную — грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

За гэтыя гады арганіацыя стала самым буйным моладзевым аб’яднаннем краіны і вядучай моладзевай арганізацыяй рэспублікі па рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі. У БРСМ ёсць свой дэвіз — «Будучыню Радзімы Ствараць Маладым», сцяг, эмблема, радыёстанцыі «Пілот-FM» і «Душэўнае радыё», газеты «Зорка», «Пераходны ўзрост», «Знамя юности», шмат добрых традыцый.

У сувязі са святкаваннем 15-годдзя БРСМ ва ўсіх рэгіянальных арганізацыях саюза моладзі праходзяць сустрэчы пакаленняў «15 гадоў разам!». Прайшла такая сустрэча і на Дзятлаўшчыне. У ёй прынялі ўдзел моладзевыя лідары раёна, сакратары пярвічных арганізацый ГА «БРСМ», а таксама ганаровыя госці, жыццё якіх было цесна звязана з моладзевым рухам на Дзятлаўшчыне, гэта Г. Чура, А. Сатараў, А. Якаўчык, А. Шырокіх.

Прысутных павітала і павіншавала з 15-годдзем Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі першы сакратар раённага камітэта Кацярына Хілімончык. Яна звярнулася да гасцей з просьбай зрабіць для прысутных экскурс у гісторыю моладзевага руху Дзятлаўшчыны.

Першай сваімі ўспамінамі падзялілася Галіна Мікалаеўна Чура, якая ў свой час была трэцім сакратаром раённага камітэта камсамола. Яна расказала, што камсамол у той час раўняўся на камуністычную партыю, патрабаванні былі самыя строгія, атрымаць членскі білет можна было толькі пасля сур’ёзнага іспыту. Тым не менш, камсамольцаў было шмат, у райкаме камсамола працавалі 11 чалавек. Жыццё тагачаснай моладзі было цікавым, багатым на сустрэчы і карысныя моладзевыя справы. Дарэчы, будаўніцтва ўсім вядомай танцпляцоўкі ў Дзятлаве таксама ажыццяўляў камсамол.

Андрэй Сатараў, які першы ўзначаліў раённы камітэт ГА «БРСМ» 15 гадоў таму, зазначыў, што добра памятае той час, калі паралельна існавалі два аб’яднанні — БПСМ і БСМ. Ён лічыць, што ідэя стварэння адзінага Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі была правільнай і своечасовай, і ўпэўнены, што актыўны ўдзел у моладзевым руху — гэта выдатная магчымасць рэалізаваць сябе, бо ГА «БРСМ» за 15 гадоў існавання стала сапраўднай кузняй кадраў.

Гэту думку падтрымалі Аляксей Якаўчык (былы першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ») і Аляксандр Шырокіх (узначальваў колішні аддзел па справах моладзі райвыканкама). Яны расказалі, што атрыманы ў свой час вопыт, арганізатарскія здольнасці дапамагаюць ім у рабоце і сёння.

Госці пажадалі моладзі раёна яркіх падзеяў і мерапрыемстваў, грамадскай актыўнасці, зацікаўленасці, творчых ідэй.

Кацярына Хілімончык расказала, што цяпер Дзятлаўская раённая арганізацыя ГА «БРСМ» налічвае 50 пярвічак і 1100 удзельнікаў. Чатыры гады запар на Дзятлаўшчыне ва ўрочышчы Рыбакі праходзяць абласныя турыстычныя злёты працоўнай моладзі, і два гады запар пераможцай становіцца каманда Дзятлаўскага раёна. Дарэчы, сёлетнія пераможцы абласнога турзлёту — каманда Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы — зноў прадстаўлялі Гродзеншчыну на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў.

Напрыканцы сустрэчы Кацярына Хілімончык падзякавала ветэранам руху і моладзі за іх уклад у агульную справу, у будучыню нашай краіны, выказала спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва.

І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *