Устойлівае нежаданне служыць у арміі 22-гадовы ўраджэнец Дзятлаўшчыны не ўтойваў. Нават у час пасяджэння суда заяўляў аб гэтым адкрыта, спадзеючыся на тое, што неяк усё само ўладкуецца. Аднак “гатовы служыць” прагучала адразу, як толькі пракурор запатрабаваў арышту.
Выязное пасяджэнне суда Дзятлаўскага раёна па абвінавачванні прызыўніка ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу прайшло ў раённым ваенкамаце. Грамадзянін П. у маі бягучага года атрымаў павестку на праходжанне медыцынскай камісіі ў рамках прызыўной кампаніі, на якую ў вызначаны дзень не з’явіўся. Важкіх прычын для адмовы ад медыцынскага абследавання ў яго не было. У час суда абвінавачаны назваў іх – прагай нажывы. Ён аказваў рыэлтарскія паслугі па продажы кватэры сваім знаёмым за пэўнае грашовае ўзнагароджанне, у дзень работы медкамісіі збіраў неабходныя для здзелкі дакументы. Малады чалавек і сам прызнаў, што гэта — несур’ёзная падстава, каб не з’яўляцца ў ваенкамат.
Вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце грамадзянін П. кінуў на другім курсе – не пажадаў пасля атрымання вышэйшай адукацыі ісці працаваць у сельскую гаспадарку. З Казлоўшчыны, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва, пераехаў у сталіцу, там жыве апошнія гады.
— Я вырваўся з гэтага “калгаса” і не хачу ў яго вяртацца, — заявіў на судзе прызыўнік-ухіліст.
З бацькамі адносіны практычна не падтрымлівае. Яны таксама цяпер у Мінску, але жывуць дрэнна – на кватэры, якую наймаюць, бацька моцна п’е, некалькі разоў лячыўся ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Пра тое, што сын зноў трапіў на лаву падсудных, бацькі нават не ведаюць. Чаму зноў? Таму што зусім нядаўна грамадзянін П. абвінавачваўся па крымінальнай справе “махлярства”. Пакаранне было нядоўгім, і, як гавораць служыцелі феміды, мяккім, таму што адбываў ён яго ў ізалятары часовага ўтрымання, на рэальную зону не трапіў. Напэўна, таму навука не пайшла на карысць.
Што парушае закон, ухіляючыся ад мерапрыемстваў прызыву, ён разумеў, толькі спадзяваўся, што ўсё абыдзецца, таму ў час суда паводзіў сябе спакойна і ўпэўнена. За яго спінай весела пахіхіквалі іншыя прызыўнікі цяперашняга прызыву, якіх запрасілі на адкрытае пасяджэнне. Моладзь не да канца разумее, што служба ў арміі – гэта абавязак грамадзяніна. Ухіленне прызыўнікоў, ваеннаабавязаных, рэзервістаў ад вайсковай службы або мабілізацыі зніжае ступень боегатоўнасці Узброеных Сіл, што асабліва небяспечна ў час узброеных канфліктаў. Таму адказнасць за ўхіленне ад службы ў арміі прадугледжана крымінальная, а не адміністрацыйная.
Калі пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка запатрабаваў арышту, абвінавачаны тут жа папрасіўся ў армію. Весялосць іншых прызыўнікоў імгненна знікла. У поўнай цішыні залы суддзя Сяргей Сёмуха патлумачыў, што прызыўная кампанія ў грамадзяніна П. яшчэ будзе – узрост дазваляе, аднак ужо пасля адбывання пакарання за ўхіленне ад службы ў арміі.
Праз паўтары гадзіны ў зале суда Дзятлаўскага раёна быў абвешчаны прыгавор – пазбаўленне волі на адзін год умоўна з уплатай крымінальна-прававой кампенсацыі ў памеры 50 базавых велічыняў.
У Мінску прызыўніка-ўхіліста чакае нявеста. Як складзецца яго жыццё далей – невядома. А вось будучым дзецям, якіх, па словах самога абвінавачанага, ён плануе ў бліжэйшы час, калісьці прыйдзецца выбіраць прафесію з вузкага спіса спецыяльнасцяў. Так, неабдуманы ўчынак грамадзяніна П. лёг цёмнай плямай не толькі на яго ўласную біяграфію, але і перакрэсліў будучыя мары яшчэ ненароджаных дзяцей ахоўваць правапарадак, ратаваць людзей на пажарах, быць дыпламатамі.
І. КАМАРОВА