Погірскі фальклорны гурт: душа — як агонь, а ў сэрцы — песня

Падзеі

Народная мудрасць, народная паэтычная творчасць, мастацтва слова і музыкі, якія звязаны з бытам і абрадамі, дазваляюць сучаснаму чалавеку любога ўзросту і статусу спазнаваць сваю гісторыю.

Гаворка ідзе пра фальклор. Лепш за ўсё з ім знаёміцца праз яго носьбітаў, якія твораць у  межах традыцыі, абапіраючыся на папярэднікаў, паўтараючы, змяняючы, дапаўняючы тэксты.

На шчасце, носьбіты народнай творчасці ёсць на Дзятлаўшчыне. Фальклорны калектыў вёскі Погіры вядомы не толькі ў раёне, але і ў розных мясцінах Беларусі.

Актыўныя і жыццярадасныя жанчыны-ўдзельніцы калектыву ўжо шмат гадоў звонка і бадзёра нясуць у народ песні, якія чулі ад сваіх матуляў і бабуляў.

Заснавала жаночы фальклорны гурт у Погірах Аляксандра Абрамчык ў 1969 годзе. З цягам часу яе муж Міхаіл Шыдла стаў добрым памочнікам і ўдзельнікам калектыву. Калі ў сям’і падрасла дачка Наталля, то і яна таксама стала актыўнай удзельніцай гурта.

У 1978 годзе аб’яднанне артыстычных жанчын зарэгістравалі як фальклорны калектыў Погірскага сельскага клуба.

Усе песні, якія нясе ў народ гурт вёскі Погіры, аўтэнтычныя, рэпертуар пастаянна пашыраецца.

Абнаўляецца і склад удзельнікаў. Праз некаторы час калектыў дапоўнілі мужчыны — скрыпач Іван Крагельскі, гарманіст Пятро Шыдла. Дарэчы, скрыпка ў Івана Крагельскага на той час была валасяная: струны даўнейшага інструмента былі зроблены з конскага воласа.

Дзякуючы музыкам, калектыў набыў яшчэ больш папулярнасці. Да яго далучыліся Раіса Дула, Ларыса Маркушэўская, Марыя Шыдла. Стала 14 чалавек. Усе яны адзін аднаму не чужыя людзі. Кагосьці аб’яднала песня, а кагосьці — яшчэ і сваяцтва.

Праз некалькі часу песні і музыку ў канцэртных праграмах дапоўнілі народныя танцы. Гэта новаўвя-дзенне з’явілася, калі прыйшоў Анатоль Пятроўскі. Выконвалі тое, што раней вяскоўцы танцавалі на вяселлях, хрэсьбінах, вячорках.

У 1995 годзе фальклорны гурт вёскі Погіры атрымаў ганаровае званне — народны, а яго кіраўніком стала Раіса Дула.

У 1996 годзе ўжо ў новым статусе народнага калектыву спевакі і музыкі ўдзельнічалі ў першым Міжнародным фестывалі фальклору, які адбыўся ў Пінску. Прафесійнае журы конкурсу адзначыла выканаўчае майстэрства гурта.

У 1997 годзе погірскія артысты пабылі на фестывалі аўтэнтычнага фальклору ў Магілёве, на рэспубліканскім свяце “Дажынкі” ў Мастах. У 1998 годзе сталі ўдзельнікамі занальнага агляду фальклорных калектываў у гарадскім пасёлку Карэ-лічы, дзе гурт прадставіў абрад “Хрэсьбіны”.

Неаднаразова выступалі на радыё і тэлебачанні. Так, у 2004 годзе артысты здымаліся ў перадачы “Правінцыяльныя гісторыі” на тэлеканале “Лад”       (цяпер — “Беларусь 2”).

Гэта ўсё ўжо гісторыя. Як і чым жывуць фалькларысткі цяпер?

Артысткі ўсё гэтак жа поўныя энергіі, жывуць з бляскам у вачах і гатовы дзяліцца сваімі творчымі набыткамі.

Цяпер іх сем: Марыя Белавус, Раіса Дула, Марыя Шыдла, Соф’я Яцко, Алена Станкевіч, Ганна Едка, Алена Захарчэня. Былая салістка Ганна Едка ўжо не спявае, але сувязь са сваёй творчай сям’ёй падтрымлівае і натхняе жанчын на працяг творчай дзейнасці.

З 2016 года кіраўніком Погірскага народнага аўтэнтычнага калектыву з’яўляецца Тамара Ступак, але, па-праўдзе, побач з фалькларысткамі яна была і задоўга да кіраўніцтва. Цяпер калектыў стаў больш спеўным і загучаў па-новаму.

Усе ўдзельніцы гурта — пенсіянеркі. Кожная з іх перажыла сваю жыццёвую драму, але ўсе яны бяруць ад жыцця самае лепшае і падбадзёрваюць адна адну ў цяжкіх сітуацыях. Жанчыны адораны пачуццём гумару, а ў вузкім коле пра іх кажуць: “То спяваюць, то рагочуць”. Напэўна, таму ў іх атрымліваецца ўжо некалькі дзясяткаў гадоў быць побач і ні разу не пасварыцца. Не кажыце пасля гэтага, што жаночага сяброўства не бывае.

Узаемапавага, любоў да творчасці і адоранасць дапамагаюць удзельніцам Погірскага народнага калектыву годна выступаць на раённых, абласных і рэспубліканскіх фестывалях.

Гэты год для гурта — шчодры на запрашэнні ўдзельнічаць у значных мерапрыемствах раёна і вобласці. У маі ў аграгарадку Тарнова Лідскага раёна погіраўцы занялі трэцяе месца на фестывалі побытавых танцаў. Менавіта танцаў! Нягледзячы на сталыя гады, жанчыны зараджаюць танцавальным настроем публіку. Іх погірскую кадрылю на восем каленцаў ведаюць ужо ў многіх месцах Беларусі. Танчаць самі і вучаць іншых танцаваць кракавяк, польку, “Нарэчаньку”, “Лысага”, “Сямёнаўну”, “Яблычак”, “Падыспань”. Хутка будуць поўнасцю валодаць элементамі “Ойры”. Цяпер жанчынам дапамагаюць ставіць танцавальныя нумары ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Прымакі”.

У жніўні на рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” народны фальклорны калектыў вёскі Погіры быў узнагароджаны дыпломам “За папулярызацыю мясцовых танцавальных традыцый”. На абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” сталі лаўрэатамі другой ступені.

Салістка гурта Марыя Шыдла заняла трэцяе месца ў конкурсе аўтэнтычных песень. Яна выканала сэрцакранальную кампазіцыю “Ой, даўным-даўно я ў мамкі была”.

У рэпертуары гурта шмат абрадавых песень: сямейна-бытавыя, жартоўныя, хрэсьбінныя, вясельныя, галашэнні. Песні народнага фальклорнага калектыву вёскі Погіры ўвайшлі ў зборнік “Песні беларускага Панямоння”, у адзінаццаты том кнігі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Гродзенскае Панямонне” Тамары Варфаламеевай.

Варта адзначыць у рэпертуары і даўнішнія абрады “Вялікдзень” і “Юр’е”, адроджаны  абрад “Хрэсьбіны”.

Фалькларысткі стамляюцца, як і ўсе, а жыццёвыя сілы чэрпаюць са свайго захаплення. Усе касцюмы, у якіх выступаюць спявачкі, зроблены ўласнаручна. Спадніцы вытканы з лёну, кашулі і камізэлькі, якія вышыты прыгожымі ўзорамі і арнаментамі, таксама зроблены ўласнаручна. Дызайнеры назвалі б гэтыя ўборы “капсульнай калекцыяй”, таму што такое адзенне не знайсці ў крамах, і створана яно ў абмежаванай колькасці для пэўных выпадкаў.

У планах гурта правесці свята вёскі Погіры. Жанчыны ўвогуле гатовы паўдзельнічаць у любым свяце, на якое іх запросяць. Весялосць гарантуюць і могуць выступіць у якасці не толькі артыстаў, але і вядучых.

Гэтыя цудоўныя жанчыны — захавальніцы народнай культуры, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. У наступным годзе народнаму фальклорнаму калектыву вёскі Погіры споўніцца 40 гадоў, а дэвіз яго ўдзельніц па-ранейшаму такі: “Толькі наперад!”.

Ю. Бакуновіч.

Фота Н. Авярчук і Т. Ступак



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *