На падставе артыкула 32 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 года “Аб воінскім абавязку і воінскай службе» адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую воінскую службу, службу ў рэзерве дазваляецца грамадзянам па наступных прычынах: па стане здароўя, для працягу перыяду атрымання адукацыі, па сямейных абставінах, для атрымання ваенна-тэхнічных спецыяльнасцяў, у сувязі з выкананнем дэпутацкіх паўнамоцтваў, на падставе ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Адтэрміноўка ад прызыву па стане здароўя дазваляецца грамадзянам, якія ў вызначаным парадку прызнаюцца часова непрыгоднымі да воінскай службы і службы ў рэзерве па стане здароўя на тэрмін да аднаго года.
Для працягу атрымання адукацыі адтэрміноўка дазваляецца на перыяд вучобы навучэнцам, якія атрымліваюць агульнасярэднюю, прафесійна-тэхнічную адукацыю, сярэднеспецыяльную адукацыю на вочнай форме навучання. Студэнтам, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю першай ступені на вочнай форме навучання, аспірантам (ад’юнктам), дактарантам.
Адтэрміноўка дазваляецца адзін раз на перыяд навучання і для ўдзелу ў конкурсе для атрымання вышэйшай адукацыі ў год заканчэння навучання грамадзянам, якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання на факультэтах давузаўскай падрыхтоўкі, падрыхтоўчых аддзяленнях, падрыхтоўчых курсах ВНУ. У год атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені на адтэрміноўку могуць прэтэндаваць грамадзяне, якія рэкамендаваны для навучання на другой ступені вышэйшай адукацыі. Тыя, хто ўпершыню паступае ў аспірантуру (ад’юнктуру), дактарантуру, адтэрміноўку атрымліваюць у год паступлення. Да першага верасня таго года, у якім атрымана агульная сярэдняя, прафесійна-тэхнічная і сярэднеспецыяльная адукацыя, таксама распаўсюджваецца адтэрміноўка. На перыяд навучання адтэрміноўка прызначаецца грамадзянам, якія атрымліваюць адукацыю за мяжой на вочнай форме навучання.
Навучэнцам, якія былі адлічаны з установаў адукацыі па ініцыятыве саміх установаў, адтэрміноўка на тэрміновую воінскую службу, службу ў рэзерве паўторна не прызначаецца.
Па сямейных абставінах адтэрміноўка прызначаецца грамадзянам, якія маюць: непрацаздольных бацькоў або іншых членаў сям’і, якім па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі патрэбен пастаянны догляд, аднаго ці больш родных братоў ці сясцёр ва ўзросце да 18 гадоў або старэйшых за 18 гадоў, калі яны атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднеспецыяльную адукацыю або з’яўляюцца інвалідамі першай ці другой групы, пры адсутнасці асобаў, якія маглі б узяць іх пад сваю апеку.
Таксама адтэрміноўка распаўсюджваецца на грамадзян, якія маюць цяжарную жонку; жонку-інваліда I ці II групы; дзіця ва ўзросце да трох гадоў; дзіця-інваліда; дзіця, якое выхоўваецца без маці; двух дзяцей.
Адтэрміноўка прадугледжана і для тых, хто прылічаны ў запас з прысваеннем воінскага звання афіцэра. Што датычыцца дэпутатаў, ім прадастаўляецца адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве на тэрмін іх паўнамоцтваў.
У астатніх выпадках усе грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў павінны быць прызваны на тэрміновую ваенную службу або службу ў рэзерве.
П. БАРАНОЎСКІ,
начальнік групы прызыву ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна