Грып — найбольш масавае інфекцыйнае захворванне і адна з самых актуальных медыцынскіх і сацыяльна-эканамічных праблем. Гэта адзіная інфекцыя, якая выклікае штогадовыя эпідэміі і перыядычныя пандэміі, якія ахопліваюць да 30% насельніцтва ў свеце.
Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод хварэюць на грып 20-30% дзяцей і 5-10% дарослых, а паміраюць ад грыпу ад 250 тысяч да 500 тысяч чалавек. Эканамічны ўрон ад штогадовых эпідэмій складае ад 1 да 6 мільёнаў долараў на 100 тысяч насельніцтва.
Дзятлаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі інфармуе, што за перыяд кампаніі імунізацыі супраць грыпу ў 2016 годзе ў Дзятлаўскім раёне было прышчэплена 40,4% насельніцтва. Як вынік — адсутнасць захворвання дзяцей і дарослых на грып. Акрамя таго, вакцынацыя супраць грыпу прывяла да зніжэння захворвання і іншымі вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Так, узровень захворвання на ВРІ сярод прышчэпленых у 3,2 раза ніжэйшы, чым сярод непрышчэпленых.
Вакцынацыю неабходна праводзіць да пачатку масавага ўздыму захворвання на ВРІ, паколькі максімальная абарона ад віруса ўзнікае толькі праз 10-14 дзён з моманту ўвядзення вакцыны. Аптымальным часам для правядзення вакцынацыі супраць грыпу з’яўляецца перыяд з верасня па снежань.
Грып можна папярэдзіць шляхам вакцынацыі, таму кожнаму чалавеку рэкамендуецца прышчапіцца супраць грыпу.
Н. ДЗЯДОВІЧ,
доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ