Штогод нямала людзей губляецца ў лясах. Хтосьці, паблукаўшы 2-3 гадзіны, знаходзіць дарогу сам, а некаторых прыходзіцца шукаць.
Ідучы ў лес, апранайцеся ярчэй. Перад выхадам у лес вывучыце карту мясцовасці, вазьміце тэлефон і медыкаменты. Не адпраўляйцеся ў лес у адзіночку, паведаміце сваякам або знаёмым пра маршрут.
Калі вы заблукалі ў лесе, то першае, што неабходна — зарыентавацца на мясцовасці. Пры магчымасці, набярыце тэлефон службы выратавання і паведаміце, з якога населенага пункта і якога раёна ўвайшлі ў лес, апішыце, што вы бачыце вакол сябе. Калі ў вас з сабой не аказалася тэлефона, а сваё месцазнаходжанне не можаце вызначыць нават прыблізна, спыніцеся і супакойцеся. Галоўнае для вас — выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі будуць лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі. Ідзіце ўздоўж іх, і вы абавязкова знойдзеце людзей.
Прыслухайцеся: шум трактара чутны за 3-4 кіламетры, брэх сабакі — за 2-3, цягніка — за 10 кіламетраў.
Не варта выбірацца з лесу ноччу: лепш займіцеся ўладкаваннем месца для начлегу. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся, каб тыя, хто вас шукае, не прайшлі міма. Павесьце на кусты кепку, насоўку або ліст паперы, абламайце галінкі, каб прыцягнуць увагу.
Абавязкова праверце свае веды аб дзеяннях, калі заблукалі ў лесе, у мабільным дадатку МНС “Дапамога побач”.
А. БЕЛЕНКА,
інспектар Дзятлаўскага РАНС