Чалавек-легенда Кірыла Арлоўскі

Падзеі

Прачытаўшы ў агляднай экскурсіі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея інфармацыю аб тым, што ў 20-я гады мінулага стагоддзя партызанскім рухам супраць польскай улады на Дзятлаўшчыне кіраваў Кірыла Пракопавіч Арлоўскі, вырашыла праверыць, ці той гэта Арлоўскі, з якім людзі майго ды і старэйшага пакалення знаёміліся яшчэ са школы, чулі пра яго па радыё і тэлебачанні, чыталі ў газетах. Не ведаць Арлоўскага было немагчыма.

Кірыла Пракопавіч кіраваў знакамітым калгасам “Рассвет” з 1945 па 1968 год. Пачынаў, як кажуць, з нуля. Вось як успамінае сам старшыня тыя гады: “Непадалёк ад абгарэлых хат сабраліся дзеці, старыя, некалькі інвалідаў… На даляглядзе відаць калматыя хвасты дыму, яшчэ не патушаны пажары ў вызваленым Бабруйску. Беларуская зямля ляжыць у руінах і попеле, нічога не захавалася ў Мышкавічах ад былога калгаса. На першым сходзе калгаснікаў было шмат размоў, як пачынаць, за што брацца, да якой справы перш за ўсё прыляпіцца. Самае моцнае, што засталося ў памяці, ужо тады ў калгаснікаў з’явілася пачуццё адзінай сям’і. Разам з гэтым пачуццём нарадзілася і вера, што хутка ўсё наладзіцца”. За гады кіраўніцтва калгасам Кірыла Пракопавіч прайшоў разам са сваімі калгаснікамі няпросты шлях, крок за крокам наладжваў пасляваеннае жыццё ў роднай вёсцы. Не чакаў ні падзяк, ні ўзнагарод. Яны знаходзілі яго самі. У 1958 годзе яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна. За баявыя і працоўныя заслугі ўзнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, многімі медалямі. Быў кандыдатам у члены ЦК КПСС.

Аднак пачынаў Арлоўскі як падпольшчык, разведчык і чэкіст. У лістападзе 1918 года, пасля паражэння Германіі ў Першай сусветнай вайне, нямецкія часці пачалі адыход з занятых імі тэрыторый былой Расійскай імперыі. Савецкая Заходняя армія, мэтай якой быў кантроль Беларусі, 17 лістапада 1918 года рушыла следам за нямецкімі войскамі, якія адступалі, і 10 снежня 1918 года ўступіла ў Мінск. Палякі Літвы і Беларусі стварылі Камітэт абароны ўсходніх ускраін і звярнуліся  па дапамогу да польскага ўрада. Указам Юзэфа Пілсудскага ад 7 снежня 1918 года атрады былі далучаны да Войска Польскага. Неўзабаве была занята Вільня. Так  пачалася савецка-польская вайна 1919-1921 годоў. Яе вынікам стала тое, што Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна адышлі да Польшчы, а тэрыторыя Літвы была  падзелена паміж Польшчай і незалежнай Літоўскай дзяржавай. Сталіца Літвы Вільня таксама адышла да Польшчы.

Пасля заключэння мірнай дамовы з Польшчай у сакавіку 1921 года разведупраўленне пачало закідваць на тэрыторыю Заходняй Беларусі атрады для арганізацыі  масавага ўзброенага супраціўлення польскім уладам. Меркавалася, што гэтыя ўзброеныя атрады стануць ядром усенароднага партызанскага руху  на акупаваных тэрыторыях, якія ў перспектыве далучацца да СССР. Такая дзейнасць атрымала назву “актыўная разведка”.

Партызанскі рух пачаўся летам 1921 года. У ліку камандзіраў  партызансіх атрадаў былі Кірыла Арлоўскі і Станіслаў Ваўпшасаў. Хто хоча больш падрабязна прачытаць пра дзейнасць такіх партызанскіх атрадаў, можа звярнуцца да кнігі А. І. Калпакідзі і Д. П. Прохарава “Імперыя ДРУ. Нарысы гісторыі расійскай ваеннай разведкі”. Кніга прыводзіць звесткі пра тое, што партызаны знішчалі масты і ўчасткі чыгункі, нападалі на маёнткі і гміны, захоплівалі цягнікі, якія вывозілі нарабаваныя на нашай тэрыторыі матэрыяльныя каштоўнасці ў Польшчу. Дзейнічаў такі атрад пад кіраўніцтвам Кірылы Арлоўскага і на тэрыторыі Дзятлаўшчыны. Атрад не знаходзіўся на адным месцы, ён пастаянна перамяшчаўся, дзейнасць яго ахоплівала значную тэрыторыю ад Пружан да Міра.

Пасля таго, як партызаны спалілі чыгуначны мост у Нясвіжскім павеце, на іх пошук было адпраўлена больш за тысячу чалавек. Шостага літапада акружаныя партызаны прарвалі аблаву. Аднак ноччу 12 лістапада 16 чалавек схапілі, з іх 4 расстралялі, а 4 прыгаварылі да пажыццёвага зняволення.

Дзеянні Арлоўскага і Ваўпшасава вельмі моцна непакоілі польскае кіраўніцтва. Яно аб’явіла вялікую ўзнагароду за іх галовы. Але злавіць кіраўнікоў партызанскага руху палякі так і не змаглі.

У 1925 годзе савецкае кіраўніцтва  дало ўказанне партызанскім атрадам прыпыніць “партызанскія метады барацьбы і сканцэнтраваць увагу на арганізацыйна-масавай рабоце сярод сялян”. У чэрвені 1925 года паўстанцкія атрады былі расфарміраваны, частка партызан перабралася ў БССР, другая — засталася ў Польшчы. Сам Арлоўскі пачаў вучобу ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцяў Захаду імя Мархлеўскага.

А. Абрамчык,

старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *