Бібліятэкар Святлана Кашырэц

Падзеі

Бібліятэка, калі ўдумацца, — унікальная ўстанова, якая дапамагае лячыць душы, павышаць прафесіяналізм, пашыраць кругагляд, духоўна абагачацца. Яе наведваюць чытачы розных узростаў і сацыяльных катэгорый: ад школьніка — да пенсіянера, ад будаўніка — да акадэміка. І вельмі важную ролю ў гэтым храме ведаў мае бібліятэкар. Менавіта ён з’яўляецца пасрэднікам паміж кнігай і чытачом, у многім ад яго залежыць, якія кнігі трапяць у рукі людзям.

Дваццаць тры гады працы ў бібліятэцы прысвяціла жыхарка вёскі Горка Святлана Фёдараўна Кашырэц. Цяпер яна працуе бібліятэкарам Войневіцкай сельскай бібліятэкі-клуба.

На пытанне, як прыйшла ў прафесію, Святлана Фёдараўна адказвае, што так склаўся лёс. Пасля школы яна скончыла Слонімскае СПТВ-129 па спецыяльнасці «швачка», год працавала на фабрыцы пер’е-пухавых вырабаў у Слоніме, затым выйшла замуж і вярнулася ў родную вёску Горка. У 1994 годзе ўладкавалася бібліятэкарам у Лядзінскую сельскую бібліятэку. У 1998-ым — паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. З 2002 года працавала ў Горкаўскай сельскай бібліятэцы да яе закрыцця ў 2016-ым, пасля чаго была пераведзена ў Войневічы.

— Не скажу, што ў дзяцінстве марыла стаць бібліятэкарам, — прызнаецца Святлана Фёдараўна, — а вось з кнігай сябравала заўсёды. Я і цяпер шмат чытаю. У ліку любімых аўтараў — Наталля Батракова, Эдуард Асадаў, класікі беларускай літаратуры. Наогул, вельмі люблю мудрыя і добрыя кнігі, бо яны падказваюць, як варта жыць. А наша жыццё настолькі складанае і шматграннае, што слушныя парады, як пражыць яго дастойна, патрэбны не толькі маладым, але і сталым людзям. Сваю новую прафесію я палюбіла за цеснае сяброўства з кнігай, за работу з людзьмі — чытачамі бібліятэкі. Цяпер нават не ўяўляю, ці змагла б столькі адпрацаваць па іншай спецыяльнасці і не стаміцца, не страціць цікавасці да работы.

— Ці лёгка быць сельскім бібліятэкарам? — пытаюся ў маёй субяседніцы.

— І ў горадзе, і ў вёсцы ёсць свае цяжкасці, з якімі мы, бібліятэкары, спраўляемся. Напрыклад Войневіцкая сельская бібліятэка-клуб абслугоўвае 15 вёсак, некаторыя з якіх знаходзяцца больш чым за 20 кіламетраў ад аграгарадка. Вяскоўцам складана дабірацца да бібліятэкі, таму я сама наведваю чытачоў, згодна з зацверджаным графікам, бывае і часцей. Для мяне гэта не вельмі складана, бо ваджу машыну. На работу і дахаты даводзіцца ездзіць кожны дзень, чаму б не адвезці чытачам літаратуру. Дарэчы, пенсіянеры шмат чытаюць, а я толькі радуюся за іх. Часта ў бібліятэку ходзяць дзеці, і не толькі па кнігі па школьнай праграме — з імі мы праводзім шмат мерапрыемстваў. Працуе пры нашай бібліятэцы і аматарскае аб’яднанне для жанчын «Сударушка». Нядаўна ладзілі сустрэчы «Мы за чаем не сумуем» (размаўлялі пра сямейныя традыцыі) і «Рукам работа — душы свята» (расказвалі пра свае захапленні).

Фонд Войневіцкай сельскай бібліятэкі-клуба складаюць шэсць тысяч кніг і перыядычных выданняў. Сама бібліятэка капітальна адрамантавана, вельмі прыгожая і ўтульная, ёсць тут камп’ютар, падключаны да Інтэрнэту, якім таксама могуць карыстацца чытачы (гэта ўваходзіць у пералік платных паслугаў).

— Камп’ютар значна спрашчае наша жыццё, — прызнаецца Святлана Фёдараўна Кашырэц. — Дзякуючы яму, стала лягчэй рыхтаваць кніжныя выставы: можна раздрукаваць фотаздымкі і біяграфіі пісьменнікаў. З дапамогай Інтэрнэту заходжу на сайты бібліятэк раёна, вобласці, рэспублікі. Ёсць магчымасць у электронным каталогу знайсці кнігі, якіх няма ў фондзе бібліятэкі, і зрабіць заказ. Таксама камп’ютар дапамагае рыхтавацца да розных мерапрыемстваў, якія праходзяць у нашай бібліятэцы або з якімі ідзём да людзей.

У прафесійных планах Святланы Фёдараўны — зацікавіць друкаваным словам як мага больш вяскоўцаў, папоўніць колькасць чытачоў Войневіцкай бібліятэкі, якіх цяпер амаль тры сотні.

Вольны ад работы час Святлана Кашырэц прысвячае сям’і, хатнім справам і захапленням — пляценню з бісеру, з папяровай лазы, вырошчванню кветак. Муж жанчыны, Іван Сцяпанавіч Кашырэц, працуе ў Раготнаўскім лясніцтве, дачка Ксенія — бухгалтарам у Гродне, малодшы сын Андрэй — курсант Акадэміі МУС. Дзеці таксама любяць у вольны час узяць у рукі цікавую кнігу.

Сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята Святлана Фёдараўна жадае моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, творчых поспехаў, новых кніг і як мага больш пастаянных чытачоў.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *