У першым паўгоддзі 2017 года на тэрыторыі Дзятлава і Дзятлаўскага раёна абстаноўка з дарожнай бяспекай была складанай. Назіраўся значны рост аварыйнасці ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (як агульнай колькасці ўліковых ДТЗ, так і колькасці загінулых і параненых у іх людзей).
Так, за аналізуемы перыяд адбыліся 6 (плюс 5) дарожна-транспартнх здарэнняў, у выніку якіх 3 (плюс 3) чалавекі загінулі, 7 (плюс6) траўмаваны. Гэта сведчыць, што меры, якія прымаюцца супрацоўнікамі міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў для забеспячэння бяспекі дарожнага руху, не адпавядаюць сітуацыі на дарогах і патрабуюць узмацнення. Варта надаць большую ўвагу выяўленню парушэнняў правілаў дарожнага руху па прадастаўленні вадзіцелямі перавагі пешаходам на рэгуляваных і нерэгуляваных пешаходных пераходах, праезду скрыжаванняў, парушэння правілаў манеўравання і захавання хуткаснага рэжыму.
У першым паўгоддзі 2017 года выяўлены 17 (летась — 15) вадзіцеляў, якія селі за руль у нецвярозым стане. Фактаў паўторнага кіравання нецвярозымі вадзіцелямі транспартнымі сродкамі не ўстаноўлена. Па віне п’яных вадзіцеляў аварый не ўчынена, затое па віне п’янага пешахода адбылося адно дарожна-транспартнае здарэнне, у якім ён загінуў. Устаноўлена, што на момант гэтай аварыі на вуліцы Кастрычніцкай у Дзятлаве, на ўчастку паміж скрыжаваннямі з вуліцай Кірава і вуліцай Камсамольскай, адсутнічала вулічнае асвятленне, што зніжала бачнасць на дарозе, як для вадзіцеляў, так і для пешаходаў. Гэта і стала адной з прычынаў аварыі.
Для ўхілення вызначаных недахопаў пракуратура Дзятлаўскага раёна прапанавала начальніку міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў сумесна з камісіяй па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху Дзятлаўскага райвыканкама распрацаваць мерапрыемствы, скіраваныя на зніжэнне аварыйнасці і гібелі грамадзян на дарогах. Асаблівую ўвагу варта надаць мерам бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, у месцах масавага адпачынку грамадзян, у выхадныя і святочныя дні.
А. ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна