18 верасня свой 95-ы год нараджэння адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Лейка. Калісьці Сцяпана Ігнатавіча віншавалі з нараджэннем у вёсцы Заполле Карэліцкага раёна, а цяпер ён адзначае вялікую дату на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Вензавец, дзе жыве ўжо шмат гадоў.
Нягледзячы на дрэннае надвор’е за вокнамі, у хаце ветэрана было сонечна і цёпла, бо з душэўнымі віншаваннямі да яго наведалася шмат гасцей. Падарункі, паштоўкі і кветкі Сцяпан Ігнатавіч атрымаў ад старшыні Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Леаніда Кашко і сакратара савета ветэранаў Ядзвігі Гушча, першага сакратара раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Кацярыны Хілімончык, дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяны Нікіпорчык, старшыні Вензавецкага сельскага Савета Алега Шымко, старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Казака. На свяце прысутнічалі родныя Сцяпана Ігнатавіча, якія заўсёды падтрымліваюць яго.
Добры настрой юбіляр атрымаў і ад віншаванняў вучняў Вензавецкай сярэдняй школы, калектыва Вензавецкага дома культуры разам з загадчыкам Чаславам Свібам. Госці і гаспадары дома спявалі ваенныя песні, а паміж гэтым ветэран дзяліўся з прысутнымі ўспамінамі пра Вялікую Айчынную вайну і здзіўляў усіх сваёй выдатнай памяццю на даўнія падзеі.
Ю. Бакуновіч,
Фота аўтара.