12 верасня ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы адбылося ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі новага рэнтген-кабінета.
Гэта падзея стала важнай для калектыву бальніцы і паліклінікі, бо цяпер з дапамогай новага ўнікальнага абсталявання медыкі змогуць атрымліваць высакаякасныя рэнтген-здымкі, аператыўна ставіць дыягназы і прызначаць лячэнне пацыентам.
Мерапрыемства распачаў ансамбль народнай песні і музыкі «Ятранка». Пасля вітальнай песні творчага калектыву перад прысутным медперсаналам і гасцямі выступіў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік.
— Кожны з нас у жыцці сутыкаецца з сітуацыямі, у якіх можна атрымаць траўмы. Пры гэтым мы жадаем атрымаць своечасовую і кваліфікаваную дапамогу. Пры комплексным аналізе сітуацыі з размяшчэннем і камплектаваннем лячэбна-прафілактычных установаў у Дзятлаўскім раёне зроблена выснова, што менавіта ў раённай бальніцы рэнтген-кабінет будзе найбольш эфектыўны.
Аляксандр Міхайлавіч падзякаваў начальніку ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэю Стрыжаку, спонсарам, будаўнікам, галоўнаму доктару бальніцы Марыі Максімовіч за дапамогу і праведзеную работу.
Андрэй Стрыжак адзначыў, што не ў кожнай паліклініцы ў Гродне ёсць такі рэнтген-кабінет, аднак на гэтым удасканаленне ўстановы аховы здароўя не спыніцца, і абсталяванне ў бальніцы будуць працягваць абнаўляць.
Марыя Максімовіч сказала, што цяпер пры рэнтген-абследаваннях паменшыцца прамянёвая нагрузка на арганізм пацыентаў. Галоўны доктар бальніцы пажадала сваім калегам прыемнай і плённай працы з новым абсталяваннем. Дарэчы, лічбавы рэнтген-апарат атрыманы за кошт сродкаў Міністэрства аховы здароўя.
Старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў у сваім выступленні падкрэсліў, што ключавым момантам у медыцыне з’яўляецца дыягностыка, таму што своечасова выяўлены і правільна пастаўлены дыягназ — гэта аснова эфектыўнага лячэння. А з дапамогай новага сучаснага абсталявання, якое з’явілася ў Дзятлаўскім раёне, можна вырашыць шмат праблем.
Валерый Макарчык, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскай ЦРБ, калегам і работнікам рэнтген-кабінета ўручыў прыемны і патрэбны падарунак — электрачайнік.
З віншаваннямі і малітвамі звярнуліся ксёндз Аляксандр і протаіерэй Мікалай Пінчук.
Пад апладысменты гасцей урачыстая цырымонія скончылася перарэзваннем чырвонай стужкі. З гэтага моманту абноўлены рэнтген-кабінет адкрыты для пацыентаў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Ю. БАКУНОВІЧ
Фота аўтара