Крыж для хрысціян адзін з галоўных сімвалаў веры, надзейны ахоўнік і абаронца. Крыжы ўсталёўваюцца ў кожным хрысціянскім храме, на могілках. Здаўна існуе яшчэ адна хрысціянская традыцыя — ставіць крыжы ля паселішчаў і на скрыжаваннях дарог. Такія крыжы называюць паклоннымі. Яшчэ ў старажытнасці многія вялікія гарады былі агароджаны з чатырох бакоў паклоннымі крыжамі, і хрысціяне верылі, што яны абараняюць жыхароў ад ворагаў, непагадзі, эпідэмій. Традыцыя ставіць паклонныя крыжы дайшла і да нашых дзён.
А сёлета гэтую добрую хрысціянскую традыцыю падтрымалі работнікі ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. У дырэктара нашага прадпрыемства Валерыя Яўгенавіча Гузеня даўно была задумка зрабіць што-небудзь добрае для гарадскога пасёлка Казлоўшчына, дзе знаходзіцца наша прадпрыемства, жывуць і працуюць амаль усе члены калектыву.
Нядаўна ў сувязі са святкаваннем 700-годзя Навагрудскай епархіі, да нас на завод завітаў настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы пасёлка Казлоўшчына протаіерэй Георгій Ярмоліч. Ён папрасіў дапамогі ва ўстаноўцы паклоннага крыжа ў нашым пасёлку.
Было прынята рашэнне паставіць крыж на самай высокай кропцы пры ўезде ў Казлоўшчыну з боку Слоніма. Месца гэта найбольш зручнае, таму што навокал адкрытая мясцовасць, і крыж на ўзвышшы відаць здалёк.
Не адкладваючы на апасля, айцец Георгій з галоўным інжынерам завода Валянцінам Расцілававічам Шапуркам, зрабілі чарцёж будучай інсталяцыі. Зваршчыкі атрымалі заданне. Варта зазначыць, што спецыялісты нашага завода сапраўдныя майстры сваёй справы. Гэта Аляксандр Мікалаевіч Бібікаў — зваршчык з вялікім выпытам работы і Аляксандр Аляксандравіч Альшэўскі, у якога вопыт не такі вялікі, але ёсць у каго вучыцца. Адчувалася, што прапанова змайстраваць крыж нашым хлопцам прыйшлася даспадобы, і працавалі яны, як кажуць, з душой і аператыўна. За некалькі дзён крыж быў зроблены і пры дапамозе іншых работнікаў прадпрыемства ўстаноўлены на вызначаным месцы.
Калі адбудзецца асвяшчэнне паклоннага крыжа, айцец Георгій павінен загадзя паведаміць у храме. Мы ж, у сваю чаргу, рады, што зрабілі добрую справу для гарадскога пасёлка Казлоўшчына і спадзяемся, што крыж абароніць наша паселішча ад усялякіх нягод.
Т. САВІЧ,
старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод Алгонь”